Белтэлерадыёкампанія запускае новае моладзевае рэаліці-шоу "Панаехалі"

12 сентября 2017

Белтэлерадыёкампанія і тэлеканал "Беларусь 2" пры падтрымцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях запускаюць новае моладзевае рэаліці-шоу. Першы сезон пад назвай "Панаехалі" ўжо даў аднойчы магчымасць прадстаўнікам розных субкультур і плыняў - хлопцам і дзяўчатам - акунуцца ў рэальнае жыццё беларускай вёскі. Зараз - новы сезон, у якім дзесецярым смельчакам, якія прайшлі няпросты кастынг, прапанавалі прымерыць ролю ратавальніка і апынуцца ў экстрэмальных умовах. Месцам здымак рэаліці стаў палігон МНС пад Барысавам. Чым жа запомніцца гледачам другі сезон, ведае Андрэй Ястрабаў.

Схаваўшыся пад аватаркай у сацсетках, выдаваць сябе можна за каго заўгодна. Але не гэтым разам, вырашылі арганізатары і зладзілі кастынг проста ў Інтэрнэце. Паглядзеўшы тысячы асабістых старонак прэтэндэнтаў па ўсёй Беларусі, толькі дзесяці самым папулярным і неардынарным персанажам прапанавалі паўдзельнічаць у рэаліці на выжыванне.

Андрэй Скарабагатаў, галоўны рэдактар РУП РТЦ "Тэлерадыёкампанія "Магілёў": "Мы спецыяльна да апошняга не распавядалі хлопцам і дзяўчатам, куды яны едуць. Якія будуць конкурсы. Якія будуць канікулы ўсляпую. І змясцілі іх у такія ўмовы, дзе яны без сваіх гаджэтаў, без тэлефонаў павінны былі раскрыцца і паказаць, што яны насамрэч ведаюць".

Не Сейшэльскія астравы, але паляна, куды ўдзельнікаў рэаліці даставілі мабільным камандным пунктам МНС. У лясным гушчары пад Барысавам без асабістых рэчаў: палатка, вогнішча, рукамыйніца - паходныя ўмовы. Многія да апошняга спадзяваліся, што гэта - розыгрыш.

Першае ж экстрэмальнае заданне - знайсці (паводле легенды, у самалёце, які церпіць бедства) свае асабістыя рэчы. Задымлены салон, абмежаваная бачнасць. Экстранная эвакуацыя па аварыйным трапе. У такой сітуацыі панікі не пазбегнуць.

Тое, з чым на некалькі тыдняў давядзецца сутыкнуцца ўдзельнікам новага рэаліці-шоу, у звычайным жыцці - толькі частка самай экстрэмальнай на планеце прафесіі. Упершыню ўсе дасягненні беларускіх ратавальнікаў і вопыт - на экране "Беларусь 2". А яшчэ дзясятак камер, бяссонныя ночы - усё, каб у свет экстрыму пагрузіўся і глядач.

Ірына Акуловіч, дырэктар РУП РТЦ "Тэлерадыёкампанія "Магілёў": "Вось зараз я магу сказаць, што шоу атрымалася. І мне падаецца, што гледачу спадабаецца гэтая прыгода. А наогул, мы хацелі даказаць, што рэальнасць куды больш цікавая, займальная, палымяная, яркая за жыццё ў Сетцы. Гэта нейкая такая прышчэпка густу к жыццю".

Праз тыдзень на "Беларусь 2" прыгоды ў рэаліці-шоу працягнуцца. Эвакуацыя на верталёце, тушэнне падпаленых вагонаў. 10 серый - ўсё толькі пачынаецца!

Ну, і якое ж рэаліці без пераможца?! Класіка жанру - кожны аўторак шоу будзе пакідаць адзін з удзельнікаў. Прама з вячэрняга вогнішча, за якім будзе збірацца ўся каманда. Да фіналу дойдзе толькі адзін.