Беларусь пакуль не будзе прымаць грамадзян трэціх краін або асоб без грамадзянства, якія падлягаюць рэадмісіі

21 июня 2017

Беларусь здолела ўпэўніць еўрапейскіх партнёраў у неабходнасці пераходнага перыяду, на працягу якога наша краіна не будзе прымаць грамадзян трэціх краін або асоб без грамадзянства, якія падлягаюць рэадмісіі. Дакумент узгоднены і можа прайсці працэдуру папярэдняга падпісання да канца года. Гэтае рашэнне было прынята ўчора ў МУС пасля экспертных кансультацый. У перамовах прымалі ўдзел прадстаўнікі Беларусі і дэлегацыя ад генеральнага дырэктарата па міграцыі і ўнутраных справах Еўрапейскай камісіі.

Паводле слоў Аляксея Бігуна, начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі, кансультацыі скончыліся, кампраміснае рашэнне знойдзена. Складанасці ў перамовах з ЕС да апошняга моманту былі звязаныя з адсутнасцю ў нас інфраструктуры для прыёму асоб, якія падлягаюць рэадмісіі. У прыватнасці, у МУС гавораць, што пераходны перыяд дазваляе рэалізаваць праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Гаворка ідзе аб арганізацыі цэнтраў часовага ўтрымання нелегальных мігрантаў, запланаванай на 2017-2022 гады. Для гэтых мэт Беларусі вылучаецца 7 млн еўра ад ЕС. Адзначым, што пытанне аб рэадмісіі напроста звязанае са спрашчэннем візавага рэжыму з Еўрапейскім саюзам.