Актыўна займацца спортам у вольны час прапануюць навучэнцам спецшколы ў Крывічах

25 августа 2016

Спартыўны клуб і валанцёры правялі шэраг майстар-класаў па тайскім боксе, кікбоксінгу і більярдзе. Антаніна Станкевіч пра тое, як вучаць маладых людзей выкарыстоўваць сваю энергію з карысцю.

Хлопец з незвычайным імем для Беларусі Рэкард трывала трымаецца на рынгу супраць сусветнага чэмпіёна па тайскім боксе Сяргея Івановіча. Некалькі парад ад майстра сваёй справы, некалькі спроб – і вось удар ужо атрымліваецца больш дакладным і эфектыўным. Стомлены, але шчаслівы хлопец прызнаецца: адчувае сябе чэмпіёнам. Як толькі скончыць спецшколу, адразу ж прадоўжыць займацца адзінаборствамі.

У гэтых падлеткаў, якія з захапленнем назіраюць за прафесіяналамі, складанае мінулае і пэўныя праблемы з законам. Менавіта ў такіх закрытых навучальных установах ім даюць шанс пачаць новае жыццё. Нярэдка сюды прыязджаюць актывісты: прадстаўнікі дабрачынных арганізацый, кіраўнікі спартыўных клубаў. Сяргей Івановіч сваім прыкладам паказвае: весці бой на рынгу і вуліцы – дзве вялікія розніцы.

Валанцёр дабрачыннай грамадскай арганізацыі Анатоль Іванковіч і сам калісьці навучаўся ў такой жа школе. Дапамагчы пераламаць свае жыццё дапамог менавіта спорт. Зараз дэманструе падлеткам віртуознае валоданне кіем. Дарэчы, гэты спорт прафесіяналы называюць аналагам шахмат: развівае не толькі каардынацыю, але логіку і ўменне прадбачыць сітуацыю наперад.

Такія майстар-класы арганізатары абяцаюць праводзіць і ў іншых установах адукацыі, дзе працуюць з падлеткамі, якіх звычайна называюць праблемнымі. Акрамя таго, кожнага, хто ў хуткім часе скончыць школу, запрасілі займацца ў спартыўных клубах. Вядома ж, бясплатна. Каб накіраваць энергію ў іншы бок.