У Беларусі афіцыйна завяршылася падача дакументаў у ВНУ

4 августа 2017

Больш як 200 тысяч тэстаў і тры дзясяткі 100-бальных сертыфікатаў. Сёння ў Беларусі афіцыйна завяршылася падача дакументаў у ВНУ. Сёння ўвесь дзень каля пунктаў прыёму - сотні абітурыентаў, іх сяброў і бацькоў. Анлайн-інфармацыя аб колькасці заяў і балах перастала абнаўляцца яшчэ ў тры гадзіны дня. Таму толькі 6-га - а менавіта тады будуць гатовыя спісы першакурснікаў - абітурыенты даведаюцца, ці сталі яны студэнтамі. З першага тэсціравання і да апошняй хвіліны ўступнай гонкі за кампаніяй сачыла Юлія Грызунт.

12 чэрвеня. 11 раніцы. У Беларусі афіцыйна пачалася ўступная гонка. У аўдыторыях па ўсёй краіне - больш як 27 тысяч абітурыентаў. Усе хвалююцца, яшчэ не ведаюць, што 35 з іх праз 9 дзён атрымаюць смс з апавяшчэннем аб запаветнай сотні балаў. За парушэнні на тэсце па беларускай не выдалілі ніводнага чалавека. Хоць у кожным кабінеце, акрамя камісіі, за парадкам строга сачылі супрацоўнікі дзяржкантролю.

Амаль 2 месяцы за вакантныя месцы ва ўніверсітэце, а можа і за прафесію сваёй мары, змагаліся больш як 80 тысяч абітурыентаў. Нагадаю, яны сталі першапраходцамі новай сістэмы - чатыры ЦТ і цэлыя тры рэзервовыя дні. Дарэчы, і абітурыенты, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі засталіся задаволеныя новаўвядзеннямі. Таму ў наступным годзе правілы не зменяцца.

Сёння - апошні дзень (да найбліжэйшай сесіі), калі ва ўніверсітэтах літаральна ў паветры лунала хваляванне. Сотні абітурыентаў у апошнія хвіліны перакідвалі дакументы на іншыя спецыяльнасці. Прычым апошнія - у самым прамым сэнсе

Абітурыентам больш не трэба рыхтавацца да тэстаў і ў рэжыме анлайн кругласутачна сачыць за колькасцю тых, хто падаў дакументы, а вось у некаторых супрацоўнікаў ВНУ выхадных не будзе.

Для шматлікіх гэтыя два дні будуць цягнуцца па-сапраўднаму доўга, бо інфармацыя аб вакантных месцах і колькасці балаў не паступае ў Інтэрнэт з трох гадзін дня.

Новаўвядзенні ўступнай кампаніі гэтага года ўжо, можна сказаць, далі старт наступнай. Бо сертыфікатамі 2017-га можна будзе скарыстацца і праз год. Але ўсё ж, калі прычына "адтэрміноўкі" - нізкі вынік, лепш паўторна здаць тэсціраванне. Таму што па выніках гэтага года прахадныя балы былі вышэйшыя за звычайнае.