У Мінскай вобласці ўспамінаюць трагедыю вёскі Дальва

19 июня 2013

69 гадоў таму нямецка-фашысцкія войскі спалілі ўсіх яе жыхароў. Уцалеў толькі адзін хлопчык. Пасля рэканструкцыі ў Дальве адкрыўся мемарыяльны комплекс. Ушанаваць памяць 44-х чалавек сабраліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, уладаў Мінскай вобласці.


Да іх далучыўся і наш карэспандэнт Аляксей Кандраценка.


Вось ужо 40 гадоў скульптар Уладзімір Церабун наведвае Дальву. Мемарыял - яго стварэнне, частка жыцця і праца, якую ён працягвае. За апошнія гады тут шмат што змянілася - адрамантаваная сцяна памяці, адноўленая скульптура Маці і дзіця. З'явіліся і сімвалічныя знакі на прыступках хат: Прылады цесляра, Серп, каласы і гарлач, адлітыя ў чыгуне. Чорным, як сама трагедыя.


Ушанаваць памяць спаленай вёскі сабраліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Сціплы характар мітынгу-рэквіема падкрэсліваў трагедыю, і боль беларускага народа памятаюць, быццам гэта адбылося ўчора.


Пасля рэканструкцыі новае жыццё атрымала і пакрыццё сімвалічнай вуліцы дальвінцаў.


Дарога, што вядзе да мемарыяла, хоць і выглядае сучаснай, але захавала часцінку даўніны. Уздоўж сімвалічнай вуліцы Дальвы ляжаць камяні з бруку пачатку ХХ стагоддзя.


У гады Вялікай Айчыннай у Беларусі падчас карных аперацый фашыстамі было знішчана больш за пяць тысяч вёсак. На жаль, Дальва была не апошняй сярод іх. Памяць пра гэтае месца і лёс 44-х вяскоўцаў будзе жыць у вяках.


Жыццё ў Дальве не спынілася. Яно працягваецца. Сведак гэтай трагедыі ўжо няма. Таму мемарыял патрэбны не толькі сённяшняму, але і будучаму пакаленню беларусаў.