"Галоўны эфір" сочыць за лёсам беларускіх машын, якія ў закладзе ля расійскіх банкаў

27 октября 2019

Для тых, хто толькі шукае працу, і для тых, у каго яна ёсць, часцяком свой аўтамабіль - паўсядзённы таварыш, без якога складана абысціся. Ужо некалькі гадоў "Галоўны эфір" сочыць за лёсам беларускіх жалезных коней, якія ў закладзе ў расійскіх банкаў. З кожным годам такіх машын усё больш. Як і ашуканцаў, якія выкарыстоўваюць іх для падману. 

Нагадаем схему, яна вельмі простая. Расійскія банкі даюць крэдыты пад заклад аўто. Плацежаздольнасць пры гэтым правяраецца не заўсёды. Паперы часам афармляюць нават на падстаўных людзей. Атрымаўшы грошы, ашуканец прадае машыну ў Беларусі. Перакупнік ставіць яе спачатку на ўлік, а потым і на продаж. "Амаль новая, нядорага" - што яшчэ трэба?

Як толькі ў машыны з'яўляецца новы ўладальнік, кліент расійскага банка перастае выплачваць крэдыт. Банк, натуральна, аб'яўляе машыну ў вышук. І тут для добрасумленнага пакупніка пачынаюцца прыкрыя адкрыцці. 

Ад траплення ў такую пастку не застрахаваныя нават кліенты аўтахаўсаў. Чым заканчваецца  закладная рулетка, і што змянілася за 2 гады? Чарговае расследаванне "Галоўнага эфіру".

Амаль год назад Ігар падарыў сваёй жонцы на юбілей Kia Rio. C таго часу  аўтамабіль, набыты ў аўтахаусе, стаіць у гаражы на захоўванні, як рэчдоказ. Адразу пасля куплі мужчына з'ехаў на 2 месяцы ў камандзіроўку, а па прыездзе не змог паставіць аўто на ўлік. 

Як атрымалася, што аўтамабіль 4 гады  калясіў па нашай краіне вольна, а зараз знаходзіцца ў вышуку, незразумела. Даведаўшыся аб крымінальным мінулым сваёй машыны, аўтахаўс  самаўхіліўся ад праблемы, хоць паводле  Грамадзянскага кодэкса, прадавец абавязаны перадаць пакупніку тавар,  свабодны  ад любых правоў  трэціх асоб. 

Ігар звярнуўся ў суд і выйграў справу. Мужчыну выратавала тое, што ён з'ехаў за мяжу і не паспеў паставіць аўто на ўлік. Феміда адмяніла дагавор  куплі-продажу аўтахаўса з кліентам. Бо ўладальнік Kia не можа паставіць аўто на ўлік, таму што машына ў вышуку. Здзелка ануляваная, але аўтахаўс не спяшаецца забіраць свой аўтамабіль і вяртаць грошы. Не выключана, што Ігара чакае новы судовы разгляд. 

Прадаць такі аўтамабіль, не апавясціўшы пакупніка аб закладзе, нельга. Інакш дзеянні падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэкса "Махлярства". Выязджаць за мяжу рызыкоўна, у любы час банк можа аб’явіць  аўто ў вышук. А значыць, транспартны сродак на мяжы канфіскуюць  да рашэння суда. Такія выпадкі ўжо ёсць ва Украіне і Польшчы. Вось і атрымліваецца бязвыхадная заблытаная сітуацыя. Калі і якім чынам  яна вырашыцца, нікому невядома. 

1,5 года назад у расследаванні "Галоўнага эфіру" мы распавядалі гісторыю Валянціны і яе мужа. У 2017 годзе сям'я купіла ў Мінску аўтамабіль, які праз некалькі месяцаў апынуўся ў закладзе ў расійскага банка. 

І зараз Уладзіміру і Валянціне няясны лёс іх машыны. За мяжу на ім выязджаць нельга, паколькі аўто ў вышуку Інтэрпола, без праблем ездзіць толькі па Беларусі. 

Яўген Басько - адзін з першых у Беларусі, каму атрымалася адсудзіць свой закладны аўтамабіль. Банк па нейкай прычыне не ўнёс яго ў рэестр. А паводле  расійскіх законаў, калі гэта не зроблена, суд мае права ануляваць такую  здзелку. Што і адбылося. 

Але не ва ўсіх уладальнікаў закладных машын складаецца ўсё ўдала. Аляксей прайграў суды ў Расіі. Рашэнне Феміды - канфіскаваць аўто. 

Яўген Грачоў, кіраўнік прававога аддзела інтэрнэт-партала Аўтабізнэс www.abw.by: "Прааналізаваўшы вялікую колькасць судовых рашэнняў, якія былі вынесеныя расійскімі судамі, мы зрабілі выснову, што калі на момант куплі аўтамабіль знаходзіўся ў рэестры закладаў РФ, то тады суд прызнае права банка на выпатрабаванне гэтай маёмасці. Калі такі аўтамабіль у рэестры не знаходзіўся, то тады аўтамабіль пакідаецца за яго фактычным уласнікам".

Як толькі банк перастае атрымліваць плацяжы за крэдыт, установа пачынае шукаць свайго кліента. Не знойдучы такога або ўсвядоміўшы яго неплацежаздольнасць, банк бярэцца за закладную маёмасць. Тэрмін іскавай даўнасці ў такіх выпадках - 3 гады. А ўлічваючы тое, што першыя закладныя машыны сталі з'яўляцца ў нашай краіне ў 2017 годзе, пік іскавых заяў яшчэ наперадзе. Зрэшты, калі следства ўзбуджае крымінальную справу, напрыклад, паводле  артыкула "Махлярства", то тэрмін даўнасці такіх заяў істотна павялічваецца.