У Мінску з'явяцца пінгвіны

13 августа 2013
Будаўніцтва спецыяльных павільёнаў для ўтрымання гэтых птушак пачнецца ўжо ў наступным годзе. Пра гэта напярэдадні журналістам паведаміў дырэктар Мінскага заапарка Юрый Рабаў. Плануецца, што новае збудаванне стане домам для 15-20 пінгвінаў. Зімовае памяшканне, вальер з вялікім вадаёмам - сучасны прыгожы павільён будзе адпавядаць усім еўрапейскім стандартам. Наведвальнікі змогуць нават назіраць падводнае плаванне пінгвінаў і іх групавыя паводзіны.

Юрый Рабаў, дырэктар Мінскага заапарка: Праект ужо гатовы, прайшоў экспертызу, толькі чакае сваёй рэалізацыі. Мы плануем утрымліваць адзін від пінгвінаў - пінгвіны Гумбальта. Гэта невялікія пінгвіны, якія водзяцца ўздоўж узбярэжжа Паўднёвай Амерыкі. Такія простыя ва ўтрыманні віды ў шматлікіх заапарках ёсць, але яны вельмі цікавыя па сваіх паводзінах.

Зараз у заапарку ўжо заканчваецца будаўніцтва буйнога трапічнага павільёна Фаўна Паўднёвай Амерыкі. Плануецца, што новы экзатарыўм пачне працаваць да чэмпіянату свету па хакеі.