Юбілейны "Славянскі базар" апускае заслону

18 июля 2016

Менш за гадзіну застаецца да ўрачыстай цырымоніі закрыцця XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў. За тыдзень грандыёзнага форуму адбылося 130 мерапрыемстваў. На XXV "Славянскім базары ў Віцебску" выступілі пяць з паловай тысяч удзельнікаў з 45-ці краін. Выніковы канцэрт пройдзе на сцэне Летняга амфітэатра.

Там зараз знаходзіцца наша здымачная група. На прамую сувязь выходзіць Іна Пілевіч (прамое ўключэнне).

Добры вечар. Літаральна некалькі хвілін таму тут, у Летнім амфітэатры, завяршылася юбілейнае шоу арт-гурта "Хор Турэцкага". Зараз 6-тысячная зала зноў запаўняецца гледачамі. Менш чым паўгадзіны застаецца да канцэрта закрыцця. У ім возьмуць удзел Валерый Лявонцьеў, Аляксандр Разенбаум, Аляксандр Буйноў, Аляксандр Рыбак. Нам удалося зазірнуць на рэпетыцыю шоу. Падзялюся падрабязнасцямі сцэнарыя - адзін з вядучых вечара, Эдгард Запашны, спусціцца на сцэну практычна з нябёсаў. Шоу абяцае быць экстрэмальным.

А літаральна некалькі гадзін таму вырашылася інтрыга Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2016". Сёлета ў вакальнай алімпіядзе спаборнічалі выключна дзяўчынкі. Па выніках двухдзённага спаборніцтва Гран-пры заваявала расіянка Анастасія Гладзіліна. Беларуска Анастасія Жабко стала ўладальніцай першай прэміі. Другая і трэцяя прэміі дасталіся ўдзельніцам з Украіны і Македоніі.

А вось вынікі дарослага конкурсу даведаемся зусім хутка. Напярэдадні на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску былі аб'яўленыя апошнія адзнакі ўдзельнікам конкурсу выканаўцаў эстраднай песні. Па выніках лідзіруе беларус Аляксей Грос. Усяго ён набраў 157 балаў, і гэта лепшы вынік. Другая сума ў спевака Адама з Казахстана, затым ідуць выканаўцы з Італіі і Малдовы. Лёс Гран-пры і трох прэмій журы вырашала на закрытай нарадзе. Імя трыумфатара аб'явяць на заключным гала-канцэрце. Уладальніку Гран-пры дастанецца 20 тысяч долараў.

Нягледзячы на тое што афіцыйна "Славянскі базар" закрываецца сёння, вячэрні канцэрт далёка не фінальны акорд фестывалю. Ля Летняга амфітэатра запланаваныя танцы да раніцы. На пляцоўцы ўжо ўсталяваная сцэна, на якую ўзнімуцца вядомыя дыджэі з усяго свету. Хэдлайнер ночы - П'ер Сарказі - сын былога прэзідэнта Францыі. Ну а заўтра праграма для аматараў шансона. Успенская, Шуфуцінскі, Ваенга - адразу два вячэрнія канцэрты. Віцебск будзе жыць фестывалем да серады.