Юбілей сёння адзначае народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг

21 февраля 2017

Маэстра споўнілася 70 гадоў. Сёння па ўзмаху яго рукі працуюць больш як 2 сотні музыкантаў. Галоўны дырыжор заслужанага калектыву нават у сваё свята нязменна на працоўным месцы сярод калегаў. Пад кіраўніцтвам Фінберга ў 2005 годзе калектыў атрымаў статус "нацыянальны". З юбілярам сустрэлася Ніна Мажэйка.

У свой юбілей маэстра Фінберг на працы. Дата не стала прычынай адмены рэпетыцыі. Штодзень яна абавязкова займае некалькі гадзін. Салісты на сваіх звычайных месцах, аркестр настройвае музычныя інструменты. А вось галоўны «камертон» заслужанага калектыву - кіраўнік і дырыжор - прымае званкі. Такая звычка. Прафесар заўсёды на сувязі. І ўсё ж традыцыю прыйшлося парушыць. Кветкі юбіляру ўручыў міністр культуры.

Малады музыкант з Мазыра пачынаў на рэстараннай эстрадзе. Студэнта 5 курса кансерваторыі заўважыў сам заснавальнік Дзяржджаза БССР Эдзі Рознер і запрасіў у свой калектыў.

Прынята лічыць, Фінберг – прадаўжальнік рознераўскіх традыцый. Але за гэты час маэстра зрабіў сабе імя. Заслужаны калектыў, якім кіруе, не асацыіруецца з Дзяржджазам – стаіць на музычным п'едэстале асобна.

Юбілей не толькі асабісты - агульны. 30 гадоў таму Фінберг сабраў Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі. Да статусу «нацыянальны» заслужаны калектыў ішоў амаль два дзясяткі гадоў. Потым атрымаў званне акадэмічнага. Па факце шматжанравы. Тут шануюць не толькі джаз, але і сімфанічную музыку, і, зразумела, эстрадную.

Музыканты з кансерваторскай адукацыяй традыцыйна суправаджаюць найбуйнейшыя ў краіне конкурсы маладых выканаўцаў - Маладзечна, Віцебск. На той самай алеі ля амфітэатра ёсць і зорка Міхаіла Фінберга. І гэты не адзіны выпадак – імя знакамітага дырыжора выбіта і ў Маскве. За плячыма ўдзел у "Еўрабачанні" разам з Філіпам Кіркоравым і супрацоўніцтва з Прымадоннай, Кабзонам. Дарэчы, тэлевізійнай кар'еры аркестра Фінберга можна толькі пазайздросціць.

Міхаіл Фінберг, мастацкі кіраўнік и галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст Беларусі:

«Я сапраўды вельмі шмат працую, я бачу тое, што ў мяне не атрымліваецца, я разважаю, я люблю кампазітараў Тыя творы, якія атрымліваю ад кампазітараў, вельмі стараюсь, каб данесці іх да слухача толькі так, як хацеў гэта зрабіць сам кампазітар».

Маэстра і яго паплечнікі рыхтуюць серыю канцэртаў у Белдзяржфілармоніі. Праграма цалкам са шлягераў. Залатых. Бо кожны ўзмах гэтай рукі (без дырыжорскай палачкі) сам па сабе каштоўнасць.