Выстава "Я вам пішу..." праходзіць у Нацыянальным гістарычным музеі

28 декабря 2023

Паштоўкі ў стылі рэтра - у Нацыянальным гістарычным музеі. Багатую калекцыю пісьмовых прылад, лістоў сабраў, а зараз экспануе і тым самым знаёміць наведвальнікаў з эпісталярным жанрам Уладзімір Ліхадзедаў. Гісторык, лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне", калекцыянер мае дзясяткі тэматычных збораў, якія ён выстаўляе на суд гледачоў. Да навагодніх свят Ліхадзедаў прапанаваў выставу "Я вам пішу..." Чатыры тысячы экспанатаў і кожны - арыгінальны. Сярод іх - прылады для напісання лістоў і адпраўлення паштовак. Размясцілася рэтра-выстава ў чатырох музейных залах.

Многія з экспанатаў - сапраўдныя творы ювелірнага мастацтва: напрыклад, пісьмовыя прыборы з перагародчатай эмалі. Экспазіцыя мае і рэгіянальны характар: тут можна ўбачыць эпісталярныя асаблівасці шасці абласцей Беларусі. Самая запатрабаваная частка выставы - інтэрактыўная, імправізаваны Мінскі паштамт 50-х гадоў. На ім кожнаму наведвальніку дораць паштоўку, застаецца толькі наклеіць марку і апусціць у паштовую скрыню. Кожны дзень супрацоўнікі Галоўпаштамта забіраюць музейную карэспандэнцыю і накіроўваюць па адрасах.