Верхні горад традыцыйна стаў цэнтрам "Джазавых вечароў"

10 июня 2017

Гістарычны цэнтр Мінска напоўнілі гукі імправізацыйнага стылю. Сёння Верхні горад ужо традыцыйна стаў цэнтрам "Джазавых вечароў".

Кожны год фестываль збірае шматтысячны аншлаг. Сёлета цыкл канцэртаў юбілейны. Пяты сезон адкрыла самая юная ўдзельніца за ўсю гісторыю open-air - форуму - 7-гадовая Сафія Курловіч з Салігорска. Ёй акампанаваў VIP-jazz Андрэя Славінскага. Джазавая піяністка і вакалістка, нягледзячы на свой юны ўзрост, ужо дабілася шэрагу трыумфальных перамог і выконвала дуэт з Ігарам Бутманам. У праграме канцэрта таксама прагучаў этна-джаз ад дуэта Agata. А ў гэтыя хвіліны на сцэну пад адкрытым небам выйшлі хедлайнеры першай фестывальнай суботы: адзін з лепшых джазавых гітарыстаў свету Скот Хендэрсан пад акампанемент французскіх музыкантаў, а таксама спявак і мультыінструменталіст Харысан Янг.

Усяго адбудзецца 3 "Джазавыя вечары", якія наведаюць знакамітыя артысты з пяці кантынентаў. Мінчан чакаюць сустрэчы з бас-гітарыстам Крысціянам Галвезам і яго музыкантамі, Клівам Джонсам, Набілем Хемірам, канцэртным аркестрам Барыса Мягкова, "Трыа Канстанціна Гарачага", Minsk Voices і Premier Orchestra.