Бюджэт Саюзнай дзяржавы за мінулы год не асвоілі ў поўнай меры

28 октября 2013
Спецыялісты беларускага Камітэта дзяржкантролю і Падліковай палаты Расіі праверылі, наколькі выдаткі бюджэту Саюзнай дзяржавы за мінулы год адпавядаюць вызначаным раней планам. Па выніках праверкі, экспертамі адзначаецца, што касавыя выдаткі не былі выкананыя на больш чым 13% і склалі амаль 4 мільярды 300 мільёнаў расійскіх рублёў. Гэтыя паказчыкі аказаліся яшчэ вышэй, чым у 2011 годзе.


Паводле звестак кантралюючых органаў, асноўнай прычынай росту астаткаў сродкаў Саюзнага бюджэту стала тое, што 365 мільёнаў расійскіх рублёў не асвоілі ў поўнай меры па дзвюх праграмах. Гэта датычыцца, у прыватнасці, беларускага Пагранкамітэта і канцэрна Белнафтахім, а таксама ФСБ і Мінхарчгандлю Расіі.

Заключэнне Камітэта дзяржкантролю і Падліковай палаты вырашана накіраваць у Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі. Таксама аб недастатковым выкананні бюджэту будзе паінфармаваны Саўмін Саюзнай дзяржавы - яму будзе прапанавана прыняць належныя меры па ўзмацненні дысцыпліны дзяржзаказчыкаў, якія выкарыстоўваюць бюджэтныя грошы.