У Віцебску адзначаюць 120 гадоў з пачатку руху першага трамвая

19 июня 2018

Госці музычнага фестывалю ў Віцебску змогуць атрымаць асалоду і ад атмасферы святочнага горада падчас трамвайнай экскурсіі. У гэтыя дні ў горадзе адзначаюць 120 гадоў з пачатку руху першага трамвая. Менавіта горад на Заходняй Дзвіне стаў першым, дзе з'явіўся гэты транспарт. Пуск першага трамвая стаў сапраўднай падзеяй, пра якую доўга пісалі мясцовыя газеты. Адзначым, агульная працягласць пуцей тады склала каля дзесяці кіламетраў. Марына Раманоўская прадоўжыць.

Якім быў першы трамвай, колькі каштаваў праезд, і чаму прафесія кандуктараў была ў топе самых небяспечных, расказвае экспазіцыя Музея гісторыі віцебскага трамвая. Яна аб'ядноўвае больш за дзве тысячы экспанатаў. Фатаграфіі, дакументы, газеты. Дарэчы, менавіта трамвай у 1898 быў галоўным ньюсмейкерам. Пуск новага віду транспарту стаў грандыёзнай падзеяй.

120 гадоў назад працягласць пуцей складала каля дзесяці кіламетраў, рухомы састаў уключаў маторныя і прычапныя вагоны. Зараз у абласным цэнтры на лінію штодня выходзяць пяць дзясяткаў трамваяў. Агульная працягласць маршруту - больш за 200 кіламетраў.

Гістарычная будоўля змяніла горад на Заходняй Дзвіне. Разам з новым транспартам у горад прыйшло электрычнае асвятленне. Гэта макет электрастанцыі. Дарэчы, будынак захаваўся і па гэты дзень. Зараз тут музей. У 1923 годзе ў сценах электрастанцыі прайшоў збор рабочых і службоўцаў. Тады ў лік ганаровых машыністаў вырашылі залічыць Уладзіміра Леніна.

Гэта кампазіцыя ўпрыгожвае тэрыторыю побач з трамвайным дэпо горада. Менавіта так выглядаў трамвай больш за стагоддзе назад. Да 1914 гэтым відам транспарту кіравалі выключна мужчыны. Зараз вадзіцелямі трамвая ўсё часцей становяцца жанчыны.

Першыя трамваі на лінію выходзяць у пяць раніцы. Надзея Лабачова гаворыць, што рана ўставаць даўно прывыкла. Жартуе: праспаць для вадзіцеля трамвая - недазваляльная раскоша.

Трамвай - адзін з сімвалаў абласнога цэнтра. Гэты від транспарту ў горадзе на Заходняй Дзвіне з'явіўся раней, чым у Маскве, Санкт-Пецярбургу і Мінску. Дарэчы, падчас "Славянскага базара" і Дня горада ў абласным цэнтры арганізоўваюць трамвайныя экскурсіі. Асабліва турыстам падабаюцца трамваі, распісаныя ў духу супрэматызму.