У сталічным музеі беларускага кіно адкрыўся "Капялюшны вернісаж"

16 ноября 2017

Добрая навіна для тых, хто цікавіцца светам моды, прыгажосці і грацыі. У сталічным музеі беларускага кіно адкрыўся «Капялюшны вернісаж». Дамскія ўборы і аксесуары можна не толькі прымераць, але і набыць. Дэталь, якая надае шарму - капелюшы - і сёння прысутнічаюць у гардэробе арыстакратаў і моднікаў. Падрабязней - Ларыса Гулякевіч, яна таксама выбрала для сябе некалькі галаўных убораў.

Вось і дачакаліся! Капялюшны вернісаж штогод праходзіць напярэдадні зімы. Дамскія аксесуары і капялюшыкі самых розных фасонаў і модных напрамкаў ад дызайнераў беларускіх і замежных.

Пяць гадоў запар у Мінску збіраюцца майстры галаўных убораў на «Капялюшны вернісаж». Сёлета іх 30 з Беларусі і розных гарадоў Расіі. Галаўны ўбор – гэта прыгожы і функцыянальны аксесуар, які надае шарм жанчыне і падкрэслівае яе асабістасць і стыль. Для адных гэта падарожжа ў гісторыю, для іншых модная дэталь гардэробу.

Наталля Барысава з Масквы капялюшным майстэрствам займаецца каля 6 гадоў. Але сёння яна ўжо неаднаразовы прызёр капялюшнага фестывалю ў Францыі ў горадзе Касад і афіцыйны прадстаўнік гэтага фестывалю ў Расіі. Акрамя стварэння капялюшоў розных напрамкаў у модзе і часу, яна наведвае «блышыныя» кірмашы ў розных краінах і набывае вінтажныя экземпляры.

Экспазіцыю таксама ўпрыгожваюць карціны, лялькі і аксесуары.

Змяніць свой вобраз з дапамогай элегантнага галаўнога ўбора можна будзе на «Капялюшным вернісажы» да 3 снежня на Свярдлова, 4.