Прамысловы гігант. Крок наперад у будаўніцтве Нежынскага ГАКа

30 марта 2019

Новыя значныя аб'екты з'явяцца на прамысловай карце Беларусі. Гэта важныя стратэгічныя пазіцыі для нашай краіны. Сярод іх - Нежынскі горна-абагачальны камбінат. Будпляцоўку будучага прадпрыемства-гіганта ў Любанскім раёне сёння наведаў прэм'ер-міністр Беларусі. Камбінат - адзін з самых маштабных інвестыцыйных праектаў нашай краіны. Яго рэалізуе кампанія "Слаўкалій". Агульны аб'ём укладанняў - 2 мільярды долараў. Маштабныя працы сур'ёзна зменьваюць і інфраструктуру поўдня Мінскай вобласці. З'яўляюцца новыя веткі чыгункі, газаправод, жыллё і іншыя сацыяльныя аб'екты для будучых супрацоўнікаў прадпрыемства. Усю "глыбіню" задумы і бязмежныя гарызонты планаў горна-абагачальнага камбіната ўбачыў і адчуў Аляксей Кандраценка

Сапраўды, тут усё ўзводзіцца з размахам! І калі наземныя канструкцыі ўвысь - як 10-павярховы дом, то ўглыб машыны прасякаюць пароду на 700 метраў. А гэта ўжо небаскроб!

Праходку шахтных ствалоў Слаўкалій распачаў яшчэ ў пачатку зімы. Пясчаны і крэйдавы ўчасткі ўжо ззаду. "Вольга" і "Ульяна" (а менавіта так названыя два механізаваныя стволапраходчыя комплексы) выбралі для сябе аптымальны хуткасны рэжым: тры метры за суткі. За іх працай сочаць нямецкія і беларускія спецыялісты. 

Ужо гатовая і пляцоўка для водазабору і помпавых станцый. Нежынскаму камбінату спатрэбіцца за суткі больш як 6 тысяч кубаметраў вады. З такой задачай павінны справіцца адразу некалькі артэзіянскіх свідравін. 

У свой час ініцыятыву будаўніцтва падтрымаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Восенню 2015-га была закладзеная сімвалічная капсула на старце ўзвядзення Нежынскага горна-абагачальнага камбіната. 

З тых часоў усе задуманыя ідэі ўвасабляюцца ў жыццё. А гэта не толькі будаўніцтва прадпрыемства-гіганта, але і развіццё ўсяго Любанскага раёна. Адных толькі новых працоўных месцаў створаць дзве з паловай тысячы. 

Новы індустрыяльны кластар на карце Беларусі - гэта горназдабыўны комплекс плюс абагачальная фабрыка. Старобінскае радовішча - адно з найбагацейшых у свеце. Першыя тоны калійнай руды з яго новых гарызонтаў выйдуць на паверхню ўжо праз тры гады. У сукупнасці ж, дзякуючы камбінатам у Салігорску, Петрыкаве і Любані краіна зможа павялічыць вытворчасць калійных угнаенняў да 14 мільёнаў тон за год. Пасля піку падзення цэн у 2016-м і адноснай перадышкі сусветны попыт на хлоркалій, адзначаюць эксперты галіны, нязменна і доўгатэрмінова расце.