У Нацыянальным мастацкім музеі выставілі работы Мікалая Дубровы

18 августа 2016

У Нацыянальным мастацкім музеі выставілі два дзясяткі работ мазырскага майстра Мікалая Дубровы. На палескім вернісажы пабывала Вольга Мядзведзь.

Дзед пісаў іконы, старэйшы брат, першы выпускнік Савіцкага, праславіўся ў жывапісе. Захапленне мастацтвам перадалося і Мікалаю Кузьмічу. З дзяцінства, узяўшы планшэт і пэндзлі, ён маляваў мясцовыя ландшафты. Выхадзец з вёскі і зараз у сваёй творчасці аддае перавагу сельскай тэматыцы. У пошуку вобразаў ён аб'ездзіў палову краіны. Героі яго карцін - простыя жыхары населеных пунктаў Беларусі, якіх мастак сустракаў выпадкова.

З масавымі пленэрами Дуброва наведаў краіны блізкага замежжа. Многія з яго эцюдаў, створаных за некалькі гадзін пад адкрытым небам, сталі эскізамі да паўнацэнных карцін. Выстаўленыя работы адбіралі з асабістай калекцыі майстра па кантраснасці колераў, тэматыцы, жанры і нават па розных порах года, намаляваных на карцінах.

Графік па адукацыі, але аддае перавагу лірычным краявідам і партрэтам. Больш за 20 жывапісных палотнаў з-пад пэндзля майстра выставілі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Пейзажы родных мясцін мастака паслужылі асновай і для назвы выставы "Зямля палеская".

За 40 гадоў мастацкай дзейнасці майстру ўпершыню ўдалося паказаць свае работы ў галоўнай выставачнай прасторы краіны. У экспазіцыі рэтраспектыва творчасці з 1985 па 2016 год. З нядаўна створаных карцін усяго некалькі палотнаў. Зараз мастак захапляецца акварэльнымі замалёўкамі і паралельна практыкуе ў станковым жывапісе і графіцы.