У сталічных кінатэатрах паказваюць фестывальныя карціны "Лістапада". На "Беларусьфільме" працуе індустрыяльная платформа

7 ноября 2019
Сёння - перадапошні "лістападны" дзень. У гэтыя хвіліны ідуць паказы фільмаў у шасці кінатэатрах Мінска. Па традыцыі большасць - лаўрэаты Канскага і Венецыянскага фестываляў. Паралельна на "Беларусьфільме" працуе індустрыяльная платформа для маладых рэжысёраў, сцэнарыстаў і прадзюсараў. 

Падрабязней пра тое, што паказваюць і абмяркоўваюць на пляцоўцы, распавядзе наш карэспандэнт Лідзія Заблоцкая, яна на прамой сувязі са студыяй  (прамое ўключэнне).

Добры дзень! Сапраўды, тут - жывы сінема-кластар. Або, прасцей гаворачы, урокі і работа над памылкамі для беларускіх кіношнікаў. Бесперапынна праходзяць майстар-класы і адкрытыя гутаркі. Напрыклад, пра тое, як для свайго першага праекта знайсці грошы або атрымаць міжнародны грант. Зараз два дзясяткі рэжысёраў і прадзюсараў паказваюць свае кінапраекты. У невялікіх відэа - пра жыццё "пакалення Z", існаванне ўкраінскага мястэчка Шчасце і радыяактыўная гісторыя вёскі пад Столінам 1961 года. Кінематаграфісты дзеляцца сваімі задумкамі. Мы пагутарылі з некаторымі паміж заняткамі, а таксама даведаліся ў каардынатара навінкі гэтай індустрыяльнай платформы.

Разам з кінематаграфістамі-пачаткоўцамі працуюць і больш вопытныя калегі: напрыклад, дырэктар Варшаўскага кінафестывалю, адборшчыкі фільмаў з Бельгіі, Украіны і Літвы. Гэта значыць, ёсць шанц атрымаць акрэдытацыю на міжнародныя сінема-пляцоўкі. Увечар тут адкрыюць маштабны майстар-клас для дакументалістаў. Прадзюсары і дыстрыбутары са Швецыі і Эстоніі распавядуць, як прасоўваць сваю работу на тэлеканалы. Акрамя таго, у праграме - семінар па распрацоўцы актуальных сцэнарыяў. Тут ужо гасцей будзе больш - каля трох дзясяткаў кінапрафесіяналаў.

І калі гэты кластар закрыты для наведвання, то паралельна кожны ахвочы можа прыйсці на дзень віртуальнай рэальнасці ў рамках індустрыяльнай платформы. Інакш гаворачы, закружыць сабе галаву фільмамі на 360 градусаў у VR-акулярах. Можна паглядзець фестывальныя хіты Венецыі і Сандэнса. Разам з паказамі ў адным з гандлёвых цэнтраў працуе і лабараторыя: вучацца ствараць анімацыю ў віртуальнай рэальнасці і глядзяць на батл VR-мастакоў. Гавораць, будзе цікава. Падрабязнасці пакажам вам у наступным выпуску навін.