Гамяльчане могуць пабываць на выставе, дзе "Усё ў шакаладзе"

26 января 2019

У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адкрылася міжнародная экспазіцыя, прысвечаная мастацтву шакалацье. Першай салодкія скульптуры убачыла Ганна Кавалева.

Раяль, люстэрка, фігуркі пінгвінаў і панд, сталовыя прыборы – усё з шакаладу. На выставе ў Гомелі ён не ў якасці дэсерту, а як матэрыял для творчасці. Руку да апетытных шэдэўраў прыклалі шакалацье з Беларусі і Ганконга. Выкарыстоўвалі больш за 10 складаных тэхнік. Прапанаваныя экспанаты зрабілі за 4 месяцы спецыяльна для паказу ў Беларусі. На іх пайшло больш за 2 тоны шакаладу, прычым беларускай якасці.

Самы вялікі экспанат - Эйфелева вежа. Вядома, яна тут не рэальных памераў, а ўсяго каля двух метраў. Аднак на яе стварэнне пайшло 65 кілаграмаў салодкага матэрыялу. І гэта рэкорд сярод усіх экспанатаў выставы.

Тут ёсць  і работа  гомельскага кандытара Дзмітрыя Анціпенкі. Летась яго скульптура пад назвай "Марскі воўк" атрымала бронзавы медаль на Кубку свету па кандытарскім мастацтве ў Люксембургу.

Каб шакаладныя экспанаты ня расталі, у памяшканні падтрымліваецца адпаведная тэмпература. Увогуле экспазіцыя заняла адразу 3 выставачныя залы. Для афармлення выкарыстоўвалі спецыяльныя ЗD-стэнды. Здымкі на іх фоне атрымоўваюцца з рэалістычным эфектам прысутнасці экспанатаў і чалавека ў адзінай прасторы.  

Аднак шанцуе не заўсёды. Тая ж Эйфелева вежа даехала да Гомеля са шматлікімі расколінамі. Таму непасрэдна на месцы яе прыйшлося рэанімаваць. Пры гэтым за 3 гады існавання праект пабываў у 20 гарадах свету. Яго паглядзелі каля мільёна чалавек. Гомель - адзіны абласны цэнтр Беларусі, які прыняў выставу. Дарэчы, тут шакаладнае мастацтва дазволяць не толькі ўбачыць, але і паспрабаваць на смак.

Акрамя таго, арганізатары абяцаюць правесці шахматна-шашачныя турніры, разыграць кілаграм натуральнага шакаладу і зрабіць салодкія падарункі наведвальнікам у Дзень усіх закаханых.