Героі Алімпіяды - гонар беларускага народа

25 февраля 2014

Пра гэта сёння гаварыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшаноўвання чэмпіёнаў і прызёраў XXII зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы. У Палацы Незалежнасці сёння прымалі тых, хто прынёс нашай краіне сусветную спартыўную славу. У Сочы мы паказалі, што можам перамагаць. Медалі, пяць з якіх вышэйшай пробы, - выдатны спартыўны поспех, роўнага якому не ведала суверэнная Беларусь. У медальным заліку наша краіна заняла восьмае месца ў дзясятцы найлепшых краін, абагнаўшы многіх традыцыйных фаварытаў. Зорка Героя Беларусі, ордэны Айчыны - сёння Кіраўнік дзяржавы адзначыў заслугі кожнага пераможца, нагадаў пра ўклад дзяржавы ў развіццё спорту і заклікаў не забываць аб праблемах, што ёсць у спорце.


Расказвае Сяргей Хамянтоўскі. Ужо бліжэй да паўдня ў Зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці больш за 200 чалавек. Балельшчыкі, ветэраны спорту, моладзь, чыноўнікі і артысты - такое хоча ўбачыць кожны. Віншаванні, аўтографы, усмешкі. Героям Алімпіяды кроку не даюць ступіць. Прафесар фрыстайла Мікалай Казека прызнаецца: Беларусь пасля Сочы быццам змянілася.


Пераможцаў і прызёраў Алімпіяды як асабліва важных персон падвозяць да параднай лесвіцы палаца. Надзея Скардзіна, за ёй Ала Цупер, Антон Кушнір і трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава ўваходзяць у залу.


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з алімпійцамі з разраду доўгачаканых. Прэзідэнт лятаў у Сочы, падтрымліваў і натхняў нашых спартсменаў. Мы рыхтаваліся да Сочы доўгія гады, літаральна аб'явіўшы спорт прыярытэтам сацыяльнага развіцця. Шэсць узнагарод, пяць - найвышэйшай пробы і восьмае месца ў заліку. Мы прымусілі ўвесь свет гаварыць пра Беларусь.


Падзякаваўшы сэрвісменам, урачам і настаўнікам, з медальнай цырымоніяй, дзеля якой усё і ладзілася, Прэзідэнт зацягваць не стаў. Ордэн Айчыны I ступені атрымаў прафесар фрыстайла Мікалай Казека. Ордэны Айчыны III ступені Кіраўнік дзяржавы ўручыў Але Цупер, Антону Кушніру і Надзеі Скардзіне. Тройчы залатой Дар'і Домрачавай - зорку Героя Беларусі.


Эксперты гавораць: зімовы медальны прарыў у гарачым Рыа паўтарыць будзе складана. Але ў Сочы мы паказалі, што можам перамагаць. Сённяшняя цырымонія ў Палацы Незалежнасці была не столькі ўрачыстай, колькі эмацыянальнай і вельмі шчырай.