У Гомельскай вобласці знайшлі ўнікальны абраз

14 октября 2015

Яму мінімум 400 гадоў і напісаны ён у традыцыях італьянскага рэнесансу. У адной з вёсак Гомельскай вобласці знайшлі ўнікальны абраз. Спачатку ён не ўяўляў ніякай цікавасці, але на рэнтгене аказалася, што пад пластамі новай фарбы схаваны старажытны жывапіс. Аналагаў гэтага абраза ў Беларусі яшчэ не было. Зараз ён знаходзіцца на рэстаўрацыі, пасля якой навукоўцы будуць высвятляць дакладную дату напісання іконы, а таксама яе аўтара.

Вольга Халадовіч з падрабязнасцямі.

Сантыметр за сантыметрам акуратна і беражліва. Пашкоджаныя пласты абраза апрацоўваюць спецыяльным клеем і разгладжваюць прасам. Рэанімацыя абраза - працэс складаны, карпатлівы і працяглы.

Юная Мадонна з немаўляці стаіць на паўсферы. Побач - анёлы. Гэты малюнак, як і лёгкую ўсмешку, якая нагадвае ўсмешку Джаконды - спецыялістам удалося разглядзець не адразу. І толькі рэнтген паказаў - на іконе адразу тры пласты жывапісу.

Багародзіца, напісаная ў традыцыях італьянскага рэнесансу, як мяркуецца, адносіцца да XVI стагоддзя. Дакладную дату напісання абраза трэба будзе высветліць навукоўцам. Як і імя аўтара рэліквіі - італьянскі майстар або беларускі самародак. Хоць і гэта не адзіная загадка старажытнага абраза.

Дзякуючы рэнтгену выявілі не толькі некалькі пластоў жывапісу, але і тое, што ў іконе прысутнічае метал. Падчас рэстаўрацыі з яе вынялі 10 куль. Зараз яны на экспертызе.

Старажытны абраз знайшлі вось у гэтым малельным доме ў вёсцы Уза Буда-Кашалёўскага раёна. Як яна тут з'явілася - не памятаюць нават старажылы. Калісьці ў доме жыў мясцовы святар. Пасля сваёй смерці ён завяшчаў яго царкве.

Пасля таго як рэстаўрацыя будзе завершана, старажытны абраз змогуць убачыць усе ахвотнікі. Абраз стане адным з экспанатаў музея. Яго ствараюць пры Гомельскай епархіі.

Васіль Чарнякоў, загадчык канцылярыі Гомельскай епархіі:

"Гэта будзе не зусім звычайны музей, гэта будзе музей-храм, дзеючы храм. І яго задачай будзе не толькі захаванне гісторыка-культурных і духоўных каштоўнасцяў, старажытнасцяў царкоўных, але і ў нейкім сэнсе місіянерская задача. Там будзе не зусім звычайны алтар, каб людзі бачылі, што знаходзіцца ў алтары".

Аднымі з першых наведвальнікаў новага музея будуць і жыхары вёскі, у якой знайшлі рэліквію. Гавораць, вельмі цікава ўбачыць, як будзе выглядаць абраз, якому яны шмат гадоў пакланяліся. І, дарэчы, яны ўпэўнены, што абраз дапамагае ім нават на адлегласці. Побач з малельным домам, дзе знаходзілася ікона, заклалі падмурак будучага храма.