У Гомелі ўнікальны стогадовы сервіз гараджанка перадала ў Палац Румянцавых-Паскевічаў

9 сентября 2013

Сямейную рэліквію - у дар музею. У Гомелі ўнікальны стогадовы сервіз гараджанка перадала ў Палац Румянцавых-Паскевічаў. Унікальны фарфоравы посуд дастаўся продку жанчыны з рук самой княгіні Ірыны Паскевіч.


Больш падрабязна - Вольга Халадовіч. Ён перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Перажыў рэвалюцыю і дзве вайны. Фаянсавы сервіз сям'і Каган - сапраўдная сямейная рэліквія. Сто гадоў таму на гэтым месцы была вядомая на ўвесь Гомель аптэка Абрама Кагана. У яе гонар нават цэлую вуліцу назвалі Аптэчнай. Славіўся Абрам Ісакавіч не толькі сваім майстэрствам урача. Але і дабрачынца. Сама княгіня Ірына Паскевіч падарыла яму сервіз. Як пераможцу дабрачыннай латарэі ў падтрымку дзяцей-сірот.


Унучатая пляменніца таго самага Кагана Ганна Іванова вырашыла, што такі рарытэт годны музея. Новы экспанат супрацоўнікі культурнай установы ацанілі і высветлілі, што на дне посуду ёсць водціск прадпрыемства Кузняцовых. У тыя часы гэта была адна з вядучых вытворчасцяў фаянсу і фарфору. Яго заснавальнік - Мацвей Сідаравіч Кузняцоў - валодаў 18 прадпрыемствамі і меў права клеймаваць вырабы сваіх фабрык гербам Расійскай імперыі.


Ганна Іванова, унучатая пляменніца Абрама Кагана: Бабулін брат выйграў у латарэю ў княгіні Паскевіч гэты сервіз, а потым падарыў яго сваёй сястры - маёй бабулі, ён быў у нашай сям'і яшчэ да вайны, потым яго ўдалося захаваць пасля вайны, раней ім увесь час карысталіся, потым усё радзей і радзей, даўно хацела гэта аддаць у музей, і я вельмі рада, што да гэтага выказалі такую цікавасць.


Акрамя сервіза, жанчына аддала ў музей і дарэвалюцыйныя фатаграфіі членаў сям'і Каган, а таксама дакументы, лісты і здымкі нашчадкаў таго гомельскага аптэкара і яго сястры. Захавальнікі фондаў гавораць, па гэтых фатаграфіях і дакументах можна прасачыць гісторыю даваеннага і пасляваеннага Гомеля.


Таццяна Ліцвінава, загадчыца аддзела музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля: Фатаграфіям гэтым няма цаны, таму што яны да ўсяго іншага пацверджаны дакументальна, цаны няма гэтым матэрыялам таму, што на іх адлюстравана гісторыя нашага горада, ды яшчэ і прадметы, якія паказваюць гісторыю людзей Гомеля і звязаныя з уладальніцай палаца княгіняй Ірынай, якая падарыла сервіз.


Сямейныя рэліквіі сям'і Каган зараз вывучаюць супрацоўнікі музея. І абяцаюць, што ў хуткім часе гамяльчанам будзе даступна новая экспазіцыя, прысвечаная гісторыі адной сям'і.