У Беларусі мемарыяльныя комплексы, невялікія памятныя знакі і абеліскі тонуць у кветках

8 мая 2020
Гэта наша даніна памяці тым, хто не вярнуўся з вайны. Тым, хто гераічна змагаўся з ворагам. Хто набліжаў Вялікую Перамогу. Ва ўсіх рэгіёнах не спыняецца праца па ўстанаўленні імёнаў загінуўшых воінаў. Асаблівая ўвага - добраўпарадкаванню помнікаў. З'яўляюцца і новыя мемарыялы. Сёння ў Гарадку ўрачыста адкрылі Алею герояў. У Глыбокім адбыўся мітынг ля новага памятнага знака, які ўладкоўвалі жыхары райцэнтра. Марына Раманоўская працягне.

Мемарыяльны комплекс воінам-пагранічнікам у Гродне. Самы вялікі помнік у СНД, прысвечаны абаронцам мяжы, якія ў першыя дні вайны прынялі на сябе ўдар ворага. Воіны, якія стаяць плячом да пляча, сімвалізуюць мужнасць савецкіх салдат. Сёння ў падножжа жывыя кветкі. З букетам прыйшла і Дзіяна Вайцяховіч. Яе прадзед таксама ваяваў, таму Дзень Перамогі для сям'і - асаблівае свята. 

Жывыя кветкі і ля падножжа помніка экіпажа самалёта Мікалая Гастэлы. Месца каля гарадскога пасёлка Радашковічы асаблівае ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут 26 чэрвеня 1941 года падчас бамбардзіроўкі варожай танкавай калоны збіты самалёт Гастэлы разам з экіпажам ажыццявіў таран. Пазней гэты подзвіг паўтарылі больш як сто савецкіх лётчыкаў. 

Вайна закранула кожную беларускую сям'ю. Віцебская вобласць. Гарадоцкі раён. Сёння тут адкрылася Алея Герояў Савецкага Саюза - ураджэнцаў раёна. Уздоўж тратуарнай дарожкі па вуліцы Баграмяна ўсталявана 13 стэндаў з прозвішчамі і фатаграфіямі. На кожнай стэле - QR-код. З дапамогай мабільнага тэлефона можна перайсці на інтэрнэт-старонку, дзе ёсць дадатковая інфармацыя аб героях вайны: біяграфія, апісанне подзвігаў, архіўныя фатаграфіі і дакументы. 

Восем помнікаў у горадзе Глыбокае і дзясяткі ў наваколлях нагадваюць аб подзвігу абаронцаў. Мемарыяльны комплекс ва ўрочышчы Барок. Са снежня сорак першага на ўскраіне райцэнтра дзейнічаў лагер смерці. Штодня ў Шарагу паміралі сотні закатаваных людзей. Іх звазілі ў найбліжэйшы лес. Ён стаў месцам спачынку для дваццаці сямі тысяч чалавек.

У рэгіёне правялі каласальную працу па ўстанаўленні імёнаў загінуўшых у лагеры людзей. Напярэдадні Дня Перамогі на тэрыторыі мемарыяла з'явілася тры пліты памяці. У граніце - 435 прозвішчаў.

З кветкамі людзі прыйшлі і да новага памятнага знака, усталяванага на месцы спаленай вёскі. Так бязлітасна фашысты адпомсцілі за дапамогу партызанам. 

8 мая 1944 года ў вёсцы Шарагі адбылася страшная трагедыя. Падчас карнай аперацыі фашысты сагналі ў адрыны мірных жыхароў і падпалілі. У той дзень загінулі 150  чалавек. 

Тэрыторыю новага мемарыяла прыводзілі ў парадак жыхары райцэнтра, працавалі тут і на суботніку. А сёння сабраліся разам, каб яшчэ раз ушанаваць памяць тых, хто не вярнуўся з вайны.