"Славянскі базар" на ўсю моц грыміць грандыёзнымі шоу-праграмамі

14 июля 2016

"Славянскі базар" на ўсю моц грыміць грандыёзнымі шоу-праграмамі, выставамі, перфомансамі і спектаклямі. За поўнач на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску скончыўся бенефісны канцэрт Максіма Галкіна. Для прызнанага майстра гумарыстычнага жанру віцебская канцэртная пляцоўка добра знаёмая. Ён не раз прымаў удзел у праграмах "Славянскага базара". На юбілейны форум ён прывёз камедыйнае шоу, у якім дэманстраваў смешныя пародыі і новыя гумарыстычныя нумары. У якасці спецыяльных гасцей шоу артыст запрасіў Валерыя Лявонцьева і Алу Пугачову. Артыстаў шасцітысячная зала сустракала авацыямі.

Выступленне Максіма Галкіна, Алы Пугачовай і Валерыя Лявонцьева віцебскі глядач яшчэ ўбачыць у вялікім гала-канцэрце адкрыцця XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Яно адбудзецца сёння. Праз некалькі гадзін у дырэкцыі фестывалю афіцыйна адкрыюць прэс-цэнтр. І сёння вырашыцца інтрыга, чыё імя будзе ўшанавана на плошчы Зорак "Славянскага базара".