"Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 13 ліпеня

18 марта 2015

Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 13 ліпеня. Ён стане 24-м па ліку і збярэ самых яркіх зорак эстрады. Ужо вядома, што на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы фестывалю - у Летнім амфітэатры - адбудзецца 18 канцэртаў, у тым ліку 2 начныя шоу. Падрабязнасці маючага адбыцца форуму мастацтваў ведае Вольга Маслоўская.

Лепс, Ваенга, "Бі-2", Ірына Алеграва, Валерый Меладзэ, Валерыя. Канцэртная праграма XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" практычна сфарміраваная. І ўжо 20 сакавіка - як ніколі рана - можна будзе купіць фестывальныя білеты.

Пакуль толькі на 10 шоу. Гэта сольныя канцэрты папулярных выканаўцаў, а таксама канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю. Першыя тры дні білеты будуць прадавацца толькі ў касах Віцебска. І ўжо пасля - у любым пункце праз сетку Інтэрнэт. Другі этап рэалізацыі квіткоў пачнецца ў сярэдзіне красавіка. Тады можна будзе купіць квіток на любы фестывальны праект.

Асноўныя тэмы сёлетняга форуму мастацтваў - 70-годдзе Перамогі і Год моладзі. Маладых і крэатыўных чакаюць на новым для "Славянскага базару" праекце - фестывалі вулічнага мастацтва "На сямі вятрах". Спектаклі, інтэрактыўныя перформансы і творчыя эксперыменты - уваход на гэтыя мерапрыемствы бясплатны, таму што праходзіць яны будуць на вуліцах Віцебска.

Галоўная падзея форуму - конкурсы. Старшынёй журы конкурсу маладых выканаўцаў сёлета будзе народны артыст Азербайджана Палад Бюльбюль-аглы. Дзіцячае журы ўзначаліць народны артыст Расіі Дзмітрый Малікаў.

Аляксандр Сідарэнка, дырэктар дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску": "У нас ёсць папярэдняя дамоўленасць з Белтэлерадыёкампаніяй зрабіць тэлеверсію дзіцячага конкурсу. У гэтай сувязі ёсць пэўныя асаблівасці ў падрыхтоўцы пляцоўкі, сцэны. Ідэя цікавая, будзе цікавая гледачам, якія змогуць назіраць за конкурсам па ТБ".

Белтэлерадыёкампанія традыцыйна пакажа самыя яркія падзеі "Славянскага базару".

У дні фестывалю насельніцтва Віцебска павялічваецца на некалькі тысяч чалавек. Сёлета ў Летнім амфітэатры будуць развявацца флагі 30-ці краін.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя