"Славянскі базар у Віцебску" афіцыйна адкрыты. На цырымонію адкрыцця паволе традыцыі прыехаў і Кіраўнік дзяржавы

13 июля 2018

Самая чаканая падзея, да якой рыхтуюцца на працягу ўсяго года, стартавала напярэдадні вечарам яркай цырымоніяй узняцця флага фестывалю. А далей гледачоў музычнага Віцебска радаваў зорны россып артыстаў: Наталля Арэйра, Мікалай Баскаў, Ірына Алеграва, Ірына Дарафеева, Алеся. "Славянскі базар" ужо 27-ы раз становіцца мультыкультурнай пляцоўкай. Больш як 40 краін сталі ўдзельнікамі сёлетняга форуму. На ўрачыстую цырымонію адкрыцця паводле традыцыі прыехаў і Кіраўнік дзяржавы.

Учора, сапраўды, быў адзін з самых насычаных дзён "Славянскага базару". Гала-канцэрт, новая зорка на фестывальнай алеі, раскрытая інтрыга музычнага дзіцячага конкурсу. Але аб гэтым трохі пазней. Пачнём з агульнага настрою. Горад на Дзвіне ў сярэдзіне ліпеня ператвараецца ў горад-свята, дзе фестывальнай атмасферай прасякнуты кожны квадратны метр.

Менавіта па гэты настрой госці не толькі з усёй Беларусі, але і з усяго свету прыязджаюць у Віцебск ужо на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў.

Асаблівую душэўную атмасферу "Славянскаму базару" ўдаецца захоўваць ужо 27 гадоў. Але пры гэтым нельга сказаць, што музычны форум не развіваецца, не ідзе ў нагу з часам. Варта толькі зірнуць на афішу альбо проста прагуляцца па фестывальных вуліцах.

Рытм свята задаюць і гэтыя дзяўчаты-барабаншчыцы - адны з удзельнікаў фэсту вулічнага мастацтва "На сямі вятрах". Усяго ж настрой тут, за межамі Летняга амфітэатра, ствараюць 800 музыкантаў, паэтаў і мастакоў. Усе шанцы трапіць у мясцовую Кнігу рэкордаў - на "Славянскім базары" яна з'явілася два гады таму.

У "Горадзе майстроў" сёлета больш як 10 кіламетраў самых розных рамёстваў братоў-славян. Упершыню прывезлі ў Віцебск сапраўднае "залатое руно" і венесуэльскія амулеты - на шчасце, для кахання і дастатку - ручной працы.

Асаблівасцю дня ўчарашняга стала новая зорка на фестывальнай алеі. Сёлета яна загарэлася ў гонар Розы Рымбаевай - народнай артысткі Казахстана. Літаральна праз некалькі гадзін, ужо на сцэне амфітэатра,

атрымліваючы з рук Прэзідэнта спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" спявачка прызнаецца - для яе фестываль у Віцебску ці ледзь не самы прэстыжны ў свеце.

Кіраўнік дзяржавы - пастаянны госць фестывалю. Са сцэны Летняга амфітэатра, якому сёлета, дарэчы, споўнілася 30, Аляксандр Лукашэнка адзначыў асаблівую місію "Славянскага базару" - яднанне народаў, прычым, не толькі славянскіх. Геаграфія фестывалю гэтага года - больш як 40 краін.

Вырашылася напярэдадні і інтрыга дзіцячага конкурсу выканаўцаў. Наш Арцём Скароль стаў уладальнікам другой прэміі. Гран-пры павязе Украіна. Запаветную статуэтку Аляксандр Балабанаў атрымаў з рук Прэзідэнта Беларусі.

Адкрыццё фестывалю арганізатары прысвяцілі тэме малой радзімы. Для многіх артыстаў віцебская сцэна за гэтыя гады ўжо сапраўды стала домам, дзе іх заўсёды чакаюць. І такіх большасць.

Але ёсць і тыя, хто адкрыў для сябе Славянскі базар толькі зараз.

Упершыню за многія гады ў канцэрце выступілі пяць розных аркестраў. Гледачоў парадавалі палымяная Наталля Арэйра, каларытны Кустурыца і яго "Аркестр, які не курыць", маэстра Горан Брэгавіч і "Вясельна-пахавальны аркестр". Алеграва, Баскаў, Ярмоленка і "Сябры", "Хор Турэцкага". Са сцэны Летняга амфітэатра да глыбокай ночы гучала музыка на любы густ.

Сённяшні фестывальны дзень пройдзе пад знакам Саюзнай дзяржавы. Паказ мадэляў беларускіх і расійскіх дызайнераў, жывыя канцэрты і перфомансы, спектаклі і кінапаказы. Праграма дня насычаная. Зрэшты, як і праграма ўсяго фестывалю.