Славянскі базар у найбліжэйшы час можа выйсці на поўную самаакупнасць

26 июня 2013

У найбліжэйшыя тры-чатыры гады Міжнародны фестываль мастацтваў Славянскі базар у Віцебску можа выйсці на поўную самаакупнасць. Цяперашні музычны форум за кошт гледачоў і рэкламадаўцаў ужо акупіўся больш чым на 70%. Гэтыя лічбы сёння агучыў намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь на заключным пасяджэнні рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы фестывалю. Сёлета арганізатары фестывалю скарацілі тэрміны правядзення Славянскага базара на два дні.


Барыс Святлоў, Міністр культуры Беларусі: Пагадзіцеся, што за мінулыя гады фестываль распаўсюдзіўся і за ракой, і ў цэнтры, і шмат было дзён, таму з'явілася такая прапанова, каб фестываль гэтага года зрабіць больш кампактным па прасторы і па часе, таму сёлета ён праходзіць з 11 па 15 ліпеня.


Анатоль Тозік, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: Асноўная праца па падрыхтоўцы 22 фестывалю завершана. Усё, пра што мы дамаўляліся раней, дзяржаўныя органы зрабілі ў поўным аб'ёме. Па якасці падрыхтоўкі можна меркаваць хоць бы па тым, што 84% білетаў ужо прададзеныя.


Сёння члены рэспубліканскага камітэта правялі гатоўнасць фестывальных аб'ектаў - наведалі Летні амфітэатр, дзе сёлета адрамантавалі грымёрныя для артыстаў, ацанілі гатоўнасць канцэртных зал і гасцініц. Плануецца, што ўвогуле на канцэртах Славянскага базара пабывае каля ста тысяч чалавек.