Казка пра добрую ведзьму для самых маленькіх

12 декабря 2016

Прэм'ера ў Тэатры юнага гледача! Напярэдадні навагодніх святаў на сцэне для самых маленькіх з'явілася казка пра добрую ведзьму. Спектакль "Мая маленькая чарадзейка" - першая маштабная рэжысёрская пастаноўка актрысы Ганны Казловай. У казачным свеце пабывала і Вольга Мядзведзь.

Маленькую чарадзейку ў Тэатры юнага гледача гадавалі больш за два гады. Ідэя дзіцячага спектакля з'явілася, калі тэатр яшчэ быў на рэканструкцыі. Заслужанай артыстцы Веры Кавалеравай падалі ідэю на пробах у кіно. З тых часоў усім калектывам шукалі адпаведны твор, самі пісалі да яго інсцэніроўку і ўсяго за два месяцы выводзілі з папяровых старонак кнігі на тэатральную пляцоўку.

Чароўны свет стварае амаль палова трупы. Дапаўняюць артыстаў вясёлыя парыкі, касцюмы ў стылі боха і аб'ёмныя, тэхнічна складаныя дэкарацыі.

Асновай прэм'ернага спектакля стала "Маленькая вядзьмарка"  прыгодніцкая казка з трылогіі нямецкага пісьменніка Отфрыда Пройслера. Спецыяльна для мінскай пастаноўкі адзін з самых папулярных твораў аўтара пра добрую ведзьму пераклалі на беларускую мову.

Нямецкая казка расказвае пра гісторыю вядзьмаркі Хіксі, якая нарадзілася ў клане злых чараўніц. Дзеянне адбываецца ў вядзьмарскую ноч, калі самыя моцныя чарадзеі збіраюцца разам. Аднак галоўнай гераіні забаронена прысутнічаць на імпрэзе. Ёй усяго 127 гадоў.

Пад магічныя замовы прэм'ернай вядзьмарскай ночы спецыяльна напісалі музычнае суправаджэнне. "Мая маленькая чарадзейка" завяршае год культуры ў Тэатры юнага гледача.