Шанец прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні" атрымалі 11 фіналістаў

11 января 2018

Сёння ў сценах Белтэлерадыёкампаніі было па-сапраўднаму шумна. Каля сотні артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Вялікабрытаніі на працягу дня здзіўлялі сваімі талентамі і кампазіцыямі журы нацыянальнага адбору. Дарэчы, ацаніць удзельнікаў мог кожны - сайт медыяхолдынга вёў прамую трансляцыю праслухоўвання.

Такім чынам, хто ж пазмагаецца за пуцёўку ў Лісабон - імёны фіналістаў ведае Іна Пілевіч.

Запомніцца каронай з афарбаваных галінак, абручом з жалобнымі ружамі і гіганцкімі шыпамі і нават кепкай з назвай уласнай песні.

Звярнуць на сябе ўвагу артысты спрабавалі не толькі галаўнымі ўборамі, але і неардынарнымі касцюмамі. Каб трапіць на "Еўрабачанне", вакалісты прымудраліся спяваць у плюшавай шкуры мядзведзя. І ў спадніцы адразу для пяці паненак.

У рэпертуары нацыянальнага адбору гэтага сезона - кампазіцыі розных жанраў на беларускай, рускай, англійскай мовах. Так Жанет вырашыла пакараць "Еўрабачанне" з песняй аб "Еўрабачанні". Спявачка прысвяціла міжнароднаму конкурсу рапсодыю. У тэксце - запаветная мара шматлікіх выканаўцаў прывезці рэйтынгавае шоу у Мінск.

Для Жанет гэтая спроба заваяваць "Еўрабачанне" шостая, для Гроса - чацвёртая. Не абышлося і без сапраўднага ветэрана нацыянальнага адбору - Гюнеш штурмуе "Еўрабачанне" ўжо 8-ы раз. Сярод удзельнікаў - як сольныя выканаўцы, так і калектывы не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны, Малдовы, Вялікабрытаніі. Усяго каля сотні артыстаў прапанавалі свае кампазіцыі на суд музыкантаў, кампазітараў, педагогаў па вакале, культурных аглядальнікаў.

Журы зрабіла свой выбар. За музычную пуцёўку на "Еўрабачанне" ў Лісабон пазмагаюцца 11 прэтэндэнтаў.

1. Alen Hit; 2. Adagio; 3. Lexy Weaver; 4. Соф'я Лапіна; 5. Napoli; 6. Alekseev; 7. Анастасія Малашкевіч; 8. Гюнеш; 9. Кірыл Гуд; 10. Група "Радыёхваля"; 11. Shuma.

Дарэчы, за першым этапам нацыянальнага адбору фанаты конкурсу сачылі анлайн. Толькі на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by - 10 тысяч гледачоў, а на YouTube - на некалькі дзясяткаў тысяч больш. Таксама праслухоўванне асвятлялі прадстаўнікі 15 сродкаў масавай інфармацыі, сярод іх і журналіст з Казахстана.

Ужо ў аўторак фіналісты вызначацца, у якім парадку выходзіць на сцэну. Жараб'ёўка адбудзецца апоўдні ў Белтэлерадыёкампаніі. Сам жа выніковы гала-канцэрт прызначаны на 16 лютага. Удзельнікі праспяваюць свае кампазіцыі ў рэжыме жывога гуку ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24".