Сёння стартуе "Славянскі базар у Віцебску"

9 июля 2015

Галоўная музычная падзея лета. Сёння стартуе "Славянскі базар у Віцебску". Прамую трансляцыю адкрыцця будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24" у вячэрнім эфіры. Зараз на сцэне ідзе апошняя падрыхтоўка. Ужо адкрыўся прэс-цэнтр, а менш як праз гадзіну пачнецца жараб'ёўка ўдзельнікаў конкурсу выканаўцаў эстраднай песні.

У Віцебску працуе наш карэспандэнт Вольга Маслоўская. У яе апошнія навіны. Сёння ў Віцебску сапраўды дзень адкрыццяў. І цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" па традыцыі папярэднічае адкрыццё прэс-цэнтра.

З тым, што фестываль на 50% робяць журналісты, згаджаюцца нават арганізатары свята. Хто, як не акулы пяра, адказваюць за дакладную і аператыўную інфармацыю пра форум мастацтваў.

У дырэкцыі фестывалю вырашылі аднавіць традыцыю і заснавалі прэмію за лепшае асвятленне падзей музычнага форуму. Па выніках працы летась уладальнікам прыза "Залатое пяро" стаў фотакарэспандэнт Беларускага тэлеграфнага агенцтва Аляксандр Хітроў.

У гэтыя хвіліны працягваецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная адкрыццю фестывалю. На пытанні журналістаў адказваюць арганізатары форуму. Адначасова ў Летнім амфітэатры ідзе падрыхтоўка да галоўнай падзеі на сёння - цырымоніі ўрачыстага адкрыцця. Ранішнім цягніком з Масквы прыехалі ўдзельнікі канцэрта. Гэта Тамара Гвердцытэлі, група "Мбэнд", калектыў Валерыя Лявонцьева, Наталі, Руслан Аляхно.

Канцэрт адкрыцця фестывалю пакажуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24" у вячэрнім эфіры.

Менш як праз гадзіну пачнецца жараб'ёўка ўдзельнікаў конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2015". Беларусь будзе прадстаўляць Валерыя Грыбусава. Пад якім нумарам выступіць наша канкурсантка, распавядзем у наступных выпусках навін.