Сёння прафесійнае свята адзначаюць экскурсаводы

21 февраля 2019

У Беларусі гэта каля тысячы спецыялістаў, чыя праца дапамагае рабіць падарожжы турыстаў больш яркімі. Адзін з брэндаў Беларусі - Мірскі замак - да прафесійнай даты падышоў з круглай лічбай. Расказвае Наталля Бардзілоўская. 

У Нясвіжы Чорная, а ў Мірскім замку свая, Белая Панна. Экскурсія з танцам яе Прывіду тут адна з самых папулярных. Усяго ж у "прэйскуранце" квэстаў і падарожжаў па замку больш за сотню найменняў: Паўночны корпус, Паўднёва-заходняя вежа, пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх. І тэматыка - ад знаёмства з пакаленнямі ўладальнікаў замка да сучасных анімацыйных інтэрактываў для дзятвы.

Летам у дэгустацыйнай экскурсіі з'явяцца старажытныя напоі з віннай картай Ільінічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў. З рознымі пакаленнямі ўладароў Міра ў замку знаёмяць тысячы экспанатаў. Вакол кожнай рэчы, кожнага прадмета інтэр'ера, кожнага каменя свае міфы і загадкі.

Галоўны экспанат у Міры - сам замак, яго сцены. На аўтэнтычных цаглінах захаваліся адбіткі галіначак раслін, лапак птушак, пальцаў майстроў. У замку жыве паданне: калі прыпасці да гэтых сцен і загадаць жаданне, яно абавязкова спраўдзіцца!

Сёння ў Мірскім замку, як і ва ўсёй краіне, адзначаюць Дзень роднай мовы. Фотазона з батлейкай і экскурсіі выключна па-беларуску.

Усе спецыялісты Мірскага замка валодаюць родным словам. Тут праводзяць экскурсіі па-англійску, кітайску, па неабходнасці на італьянскай і французскай мовах.