Сёння спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа

8 февраля 2016

Сёння спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа - народнага пісьменніка Беларусі. За сваю знакамітую "Палескую хроніку" празаік атрымаў найвышэйшую прэмію Саюза - Ленінскую. "Людзі на балоце" неаднаразова ставілі ў тэатрах, экранізавалі. Але акрамя знакамітага фільма Турава была і тэлевізійная пастаноўка, пра якую мала хто ведае.

Расказвае Алена Борматава.

Уся акцёрская кар'ера народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука звязаная з «Палескай хронікай» Мележа. Ён і сёння на сцэне. Чарнушка – бацька Ганны.

Роля, якая прынесла Гарбуку Дзяржпрэмію СССР. Яе атрымаў за фільм Турава, які ў 80-ых здымалі па заказе Дзяржтэлерадыё БССР.

Але была і першая, тэлевізійная, пастаноўка. 1965 год. Рэдкія кадры. Гарбук – Васіль. Падчас работы над першай тэлевізійнай версіяй “Людзей на балоце” пазнаёміўся і з Мележам.

За ролю Васіля ў 60-х Генадзь Гарбук атрымаў Дзяржпрэмію БССР. Медаль за нумарам 007. Наш Джэймс Бонд. Дарэчы, акцёр сам не ведаў, што тэлеспектакль захаваўся. Ігралі ў прамым эфіры. Праз 20 гадоў Гарбуку давядзецца сыграць Чарнушку.

У гэтай ролі і сёння выходзіць на сцэну. У 80-х Тураў зацвярджае акцёра адразу. У фільме з'яўляецца і маладая актрыса Мархель, прычым у двух іпастасях: як выканаўца ролі Дамеціхі і як спявачка.

Тураўскія «Людзі на балоце» атрымалі прыз за лепшы акцёрскі склад на кінафестывалі ў Карлавых Варах. А ў Саюзе яго не дазвалялі глядзець дзецям да 16-ці.