Лепшую аграсям'ю Мінскай вобласці выбралі на конкурсе "Уладар сяла" ў Нясвіжы

24 июня 2021

Беларускі каларыт пад прамянямі чэрвеньскага сонца. Стравы традыцыйнай кухні, прэзентацыя падворкаў, творчыя выступленні і нацыянальныя касцюмы. У Нясвіжы прайшоў рэгіянальны этап аграрнага оўпен-эйра "Уладар сяла". 14 сем'яў з усіх куткоў Мінскай вобласці пазмагаліся за званне лепшых у некалькіх намінацыях. Сярод удзельнікаў - медыкі, настаўнікі, вадзіцелі, трактарысты, ляснічыя. Пра згуртаванасць і зладжанасць каманд - Ілья Цвяткоў.

Паказаць вышэйшы клас у спартыўных дысцыплінах і здзівіць усіх сваімі творчымі здольнасцямі прыехала ў Нясвіж сям'я Крыжэвіч з Клецкага раёна. Працавітыя, гасцінныя і з пачуццём гумару - так пра іх адклікаюцца суседзі і сваякі, якія прыехалі падтрымаць каманду свайго горада. Пра конкурс "Уладар сяла" Крыжэвічы чулі даўно - сёлета вырашылі паўдзельнічаць.

Сям'я Крыжэвіч, удзельнікі конкурсу "Уладар сяла": "Мяне завуць Юлія, тата ў нас Аляксандр і дачка Маргарыта. Тата працуе на аграпрамысловым прадпрыемстве. Я - настаўнік матэматыкі і інфарматыкі ў школе. Мы неяк падумалі, што мы дружная сям'я, што зможам паўдзельнічаць і заняць прызавое месца. Спадзяёмся, здзівім журы. Але самае галоўнае - гэта не перамога, а ўдзел".

Такіх самабытных і актыўных сем'яў тут 14. Кожная са сваім каларытам, традыцыямі і візітнай карткай - гастранамічнай, рукадзельнай і музычнай.

У праграме рэгіянальнага этапу сямейнага забегу камандныя дысцыпліны на згуртаванасць і зладжанасць. Пачалі, вядома ж, з фізкультурнай размінкі.

Самыя складаныя - заданні эстафеты. Тут усё наадварот - жонкі забівалі цвікі, мужы спавівалі малых.

Ну і які ж агра оўпэн-эйр без пачастункаў! Удзельнікі конкурсу разгарнулі сапраўдныя шведскія сталы - толькі па-беларуску, тым самым арганізавалі дэгустацыю страў традыцыйнай нацыянальнай кухні.

Сям'я Белязяк, удзельнікі конкурсу "Уладар сяла": "Мы з Пухавіцкага раёна прыехалі. Я Насця, гэта мой муж Агнес. Будзем здзіўляць стравамі. У нас усё сваё - вялікі гарод - ягадкі свежыя, агурочкі марынаваныя, цыбулька, ёсць некалькі фірмовых страў. Вялікі каравай спяклі - таксама па фірмовым рэцэпце сямейным - будзем частаваць усіх ахвотнікаў".

Аляксандр Дзічкоўскі, першы сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ: "Гэта ў першую чаргу такая ініцыятыва згуртавальная - мы імкнёмся, каб усе нашы госці адчувалі сябе не як на спаборніцтве, а як на свяце. Ну і такімі мерапрыемствамі мы ў першую чаргу жадаем папулярызаваць і падтрымаць інстытут сям'і - гэта вельмі важна на наш погляд".

У выніку пуцёўку ў фінал атрымала сям'я з Нясвіжа. Каманда з марай на перамогу адправіцца прадстаўляць Мінскую вобласць у фінале конкурсу. "Уладара сяла" выберуць на свяце "Купалле" ў Александрыі 10 ліпеня.