Сёння 90 гадоў з дня заснавання бібліятэкі НАН

16 февраля 2015

Сёння 90 гадоў спаўняецца з дня заснавання навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Унікальнае кнігасховішча ў сваіх фондах сумяшчае рарытэты 15 стагоддзя - напрыклад, з апошнімі выпускамі часопісаў Лонданскага каралеўскага таварыства і навуковага цэнтра Японіі. Аб найрэдкіх дакументах, якія дапамагаюць навукоўцам здзяйсняць адкрыцці, раскажа Наталля Бардзілоўская.

Да юбілею навуковай бібліятэкі – юбіляр-экспанат. 70 гадоў, як у гэтыя фонды вярнуўся рарытэт: багата ілюстраваная кніга па ваеннай справе з Радзівілаўскага збору. Экзэмпляр быў вывезены немцамі ў Германію падчас Вялікай Айчыннай вайны. Але савецкія салдаты вярнулі нацыянальную каштоўнасць у бібліятэку беларускай Акадэміі навук.

Кніга - дар ад лейтэнанта першага Украінскага фронта 60-ай арміі вярнулася з-пад Одэра ўся ў асколках. Метал, які несумяшчальны з артэфактам, спецыялісты дасталі – калекцыя рэдкіх кніг і рукапісаў папоўнілася яшчэ на адзінку.

Зрэшты, гэты аддзел – самая вялікая каштоўнасць пяцімільённага бібліятэчнага фонду. Тут - рукапісныя і друкаваныя кнігі, дакументы на розных мовах свету, сведкі гісторыі і культуры ад 15 стагоддзя да нашага часу.

Для сённяшняга наведвальніка ў бібліятэцы - і самы вялікі ў краіне выбар сучаснай навукова-даследчай літаратуры. Усе апошнія навінкі айчынных і большасці замежных выдавецтваў тут у абавязковым экзэмпляры.

У год – амаль трыццаць тысяч карыстальнікаў, але лічба – без уліку электроннага, сучаснага напрамку ў бібліятэчным абслугоўванні. Установа эканоміць час навукоўцаў: перад прыходам у чытальную залу ці на абанемент можна заказаць літаратуру па электронным каталозе. Працуе сервіс і электроннай дастаўкі дакумента.

Створаная ў 1925-ым годзе пры Інстытуце беларускай культуры, праз чатыры гады бібліятэка была рэарганізавана ва ўстанову пры Нацыянальнай акадэміі навук. У гады Вялікай Айчыннай – поўнасцю разбураная і разрабаваная, кнігасховішча было адноўлена. Сёння бібліятэка - сучасны інфармацыйны цэнтр, збор універсальных дакументаў, за сваю работу адзначаны сусветнай арганізацыяй ЮНЕСКА.