Мінская вобласць развівае прыватны бізнес

2 ноября 2013

Толькі сёлета адкрыта больш за дзве сотні новых прадпрыемстваў. Прычым у прыярытэце ў пачаткоўцаў і вопытных бізнесменаў менавіта малыя гарады і сельская мясцовасць. Актыўна развіваецца не толькі фермерства ці, скажам, аграэкатурызм, але нават і буйная вытворчасць. Антаніна Станкевіч пераканалася: ажыццяўляць амбіцыйныя планы можна не толькі ў сталіцы.



Мікалай Фёдаравіч пра коней можа гаварыць бясконца. Добра разбіраецца ў пародах, масці і асаблівасцях. І гэта нядзіўна - дзіцячае захапленне перарасло ў справу жыцця.


Свой бізнес пачынаў з адной кульгавай кабылкі, распавядае гаспадар цяпер ужо невялікага конезавода. Жывёліну везлі на мясакамбінат, але Мікалай Фёдаравіч выкупіў яе. Так і пачалася яго справа. З памяшканнем дапамаглі мясцовыя ўлады. На працягу першых трох гадоў падаткі былі, мякка кажучы, смешнымі. Ды і сёння, напрыклад, арэнда амаль 300 гектараў зямлі абыходзіцца фермеру вельмі нядорага.


Цяпер мужчына валодае нават па еўрапейскіх мерках невялікім конезаводам. Коней рыхтуюць да спаборніцтваў рознага класа. Тут, у Слуцкім раёне, падрастаюць маладыя жарабяты. А на другой базе - у Пухавіцкім раёне - з конямі займаюцца прафесійныя трэнеры і спартсмены. Мікалай Фёдаравіч не выключае: магчыма, менавіта тут сёння падрастае жарабя, якое прынясе Беларусі алімпійскае золата ў конным спорце.


У камітэце эканомікі Мінскага аблвыканкама расказваюць: сёння ўсё больш прадпрымальнікаў для вядзення бізнесу выбіраюць сельскую мясцовасць. Займаюцца не толькі фермерствам або аграэкатурызмам, на вёсцы актыўна развіваецца і гандаль, і сфера паслуг і нават вытворчасць. Прыярытэт - экспартна арыентаваным і імпартазамяшчальным прадпрыемствам.


Хто адважваецца на адкрыццё ўласнай справы ў невялікіх гарадах і каму хапае месца, каб развярнуцца, нават у вёсцы? На якія льготы могуць разлічваць прадпрымальнікі, якія перабяруцца за МКАД? Глядзіце у вячэрнім эфіры праграмы Навіны. Цэнтральны рэгіён.