Рубрыка Праменад

13 июня 2014

Экалагічны жывапіс з намёкам на першабытнасць, выклік акадэмічнай школе ад мастакоў-дзяцей і сырная арт-нагода правесці ўікенд на свежым паветры. Самыя смачныя падзеі гэтых выхадных у культурным аглядзе Ніны Мажэйкі.


Рэнтген часу. Батанік айчыннай арт-сцэны Васіль Зянько з новым праектам на латыні Ex nihilo. Што азначае з нічога. Свой аўтарскі погляд на ўзнікненне ўсяго жывога на планеце адлюстраваў на сваіх палотнах. Стыль арт-нуво з прымессю першабытнай тэхнікі з афрыканскімі матывамі - менавіта так маэстра называе свой індывідуальны мастацкі почырк. Гэта не класічнае мастацтва па канонах - аўтарская тэхніка асаблівай фактурнасці. Апроч яшчэ і экалагічныя разважанні на сапраўднай траве - з акварыўмам і залатой рыбкай.


Праект - вынік яго працы ў асабістай майстэрні за 2 гады. Менавіта столькі ён персанальна не выстаўляўся. Узяць рэванш вырашыў на пляцоўцы галерэі Універсітэт культуры, што на Кастрычніцкай плошчы. Паглядзець работы на тэму фантасмагарычных флоры і фаўны можна да 27 чэрвеня.


_ _


Сырная, прабачце, культурная праграма. Адзін з самых папулярных кісламалочных прадуктаў стаў арт-нагодай. Гэта не чарговая экспазіцыя - Другі сырны фестываль пад Мінскам. Акрамя дэгустацыі - на форуме будзе больш за 100 відаў сыру - яшчэ і смачная праграма. Жывы гук.


Паводле традыцыі, арганізатары абяцаюць здымкі танцавальнага кліпа. А яшчэ сырныя алімпійскія гульні. Дарэчы, не забудуць пабудаваць імправізаваную Эйфелеву сырную вежу. Пачнецца фестываль у суботу.


Музей сучаснага выяўленчага мастацтва акупіравалі дзеці. Праект Штучны адбор сабраў выхаванцаў народнай арт-студыі Востраў. Узроставых абмежаванняў няма - ад 3 да 30 гадоў. Два дзесяцігоддзі таму пляцоўка для самавыяўлення стваралася на базе Дома піянераў. Эвалюцыю ад дзіцяці з чырвоным гальштукам да сённяшняга актыўнага юзера можна прасачыць у працах. Акрыл, пастэль, алей, кераміка. Далучыліся нават мультымедыйныя тэхналогіі. Карта Мінска вачыма 10-гадовага хлопчыка Данііла Гінько ўжо збірае натоўп дарослых.


На адкрыцці былі заўважаныя зусім дарослыя. Мэтры выяўленчага мастацтва. Экспазіцыя заняла ўсе залы музея. Вялікую, канферэнц-залу, нават хол. Усеахопнае мастацтва без абмежаванняў. Арганізатары асвоілі нават новыя метады экспанавання - так арт-аб'ектам стала раздрукоўка з сайта. Публіка каменціравала працу адной з удзельніц праекта. Дзве сотні каментарыяў - фатаграфія сучаснасці. Сустрэць знаёмых ва ўтульных залах музея можна да 21 чэрвеня.