Прэм'ера камедыі "Мудрамер" Аляксандра Гарцуева ў Тэатры Беларускай драматургіі

6 мая 2019

Прэм'ера на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Сатырычную камедыю "Мудрамер" паставіў мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў. З прэм'ернага паказу наш культурны аглядальнік - Дар'я Тарасава. 

Спектакль - інсцэніроўка сатырычнай камедыі Мікалая Матукоўскага. Упершыню твор быў апублікаваны 32 гады таму і фактычна адразу набыў поспех. Паводле "Мудрамера" не толькі знялі фільм, п'еса дзесяцігоддзямі не сыходзіла з беларускіх падмосткаў. А сам аўтар быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй.

Рэжысёр звярнуўся да праверанага матэрыялу. З0 гадоў таму ў Купалаўскім Аляксандр Гарцуеў сам іграў у "Мудрамеры", працаваў у масоўцы, быў адным з двух дзясяткаў чыноўнікаў. У камедыі часоў перабудовы канфлікт інтарэсаў, гісторыя ўзаемаадносін творцы і бюракрата. Так, вынаходнік-самавучка Мурашка прыдумляе мудрамер – апарат, які вызначае ступень чалавечага інтэлекту.

Аляксандр Гарцуеў, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, рэжысёр: "Дзеянне адбываецца сёння, не ў 1987 годзе, як яна была напісана, а вось зараз, у 2019 годзе. І рэаліі, аб якіх там гаворыцца, мы пазнаём".

Дэкарацыі да прэм'ернага спектакля стварыў галоўны мастак тэатра Юрый Саламонаў. Фактычна ўсю сцэну заняў стол. Метафарычнасці спектаклю дадае і балота, скрозь якое, узброіўшыся гумовымі ботамі, на пляцоўку трапляюць артысты. Асаблівае месца адведзена рэквізіту - утрыраваным ў сваім маштабе прэс-пап'е, чарніліцы, календару і тэлефону. Задзейнічаны ў спектаклі і відэакантэнт, ён трансліруе гледачам грамадскія слуханні і абмеркаванні. Усяго ў пастаноўцы 7 дзеючых асоб. Дарэчы, прыма РТБД Таццяна Мархель іграе зорную ролю, якая ў свой час была за Стэфаніяй Станютай.

Тэатр беларускай драматургіі не спяшаецца закрываць сезон. Ідзе праца над новым спектаклем. Аляксандр Гарцуеў паставіць у тэатры "Сірожу" паводле п'есы сучаснага аўтара Юліі Чарняўскай. Прэм'ера чакае гледачоў у чэрвені.