Апошні акорд XXVIII “Славянскага базару” прагучаў на тыдні ў Віцебску

20 июля 2019

Швецыя, Кітай, Ізраіль, Індыя. Сёлета сувеніры з сімвалам міжнароднага форуму - васільком - разляцеліся больш як у сорак краін свету. Усе гэтыя дні Віцебск жыў грандыёзным святам музыкі, танцаў і выдатнага настрою. Міжнародны форум запомніцца шоу-праграмамі сусветных зорак, насычанай тэатральнай афішай, яскравымі выступленнямі ўдзельнікаў дзіцячага і дарослага конкурсаў. 

Марына Раманоўская сабрала эмоцыі артыстаў і гледачоў. 

Дваццаць восем гадоў “Славянскі базар” прываблівае ў Віцебск вядомых артыстаў з розных краін. Сотні кіламетраў пераадольваюць гледачы, каб пабачыць любімых спевакоў, акцёраў і мастакоў. На “Славянскі базар” едуць па свята, эмоцыі і музыку, якая ў фестывальныя дні льецца паўсюль.

Рэпетыцыі, канцэрты, і так амаль два тыдні. На галоўнай сцэне фестывалю выступалі і сусветныя зоркі, і маладыя артысты. Асабліва гасцей уразіла сцэнічнае афармленне. Кожны нумар - яскравае шоу. Падчас XXVIII "Славянскага базару" толькі ў Летнім амфітэатры прайшло больш за дзесяць яскравых канцэртаў. З аншлагам адбыліся выступленні ў канцэртнай зале "Віцебск" і абласной філармоніі. Фестывальнай  лакацыяй упершыню быў і віцебскі Палац спорту.  Тут праходзілі лядовыя шоу.

Шасцітысячная зала ў чаканні сваіх куміраў стала сведкай запальвання яшчэ адной зоркі. Стыпендыят Еўразійскага фонду культуры, пераможца прэстыжных музычных конкурсаў Адыльхан Макін змог пакарыць і міжнароднае журы "Славянскага базару". Гран-пры адправілася ў Казахстан. За "Залатую ліру" змагаліся 16 канкурсантаў.  Першая прэмія - у Грузіі. Другую падзялілі Беларусь і Ізраіль. Лаўрэатамі трэцяй сталі Іван Дзятлаў з Расіі і Дзмітрый Бабак з Украіны. 

Адразу некалькі фестывальных рэкордаў  паставіў XXVIII "Славянскі базар у Віцебску". Міжнародны форум ахапіў больш святочных пляцовак, на плошчы Перамогі адбыўся 12-гадзінны танцавальны марафон, тут жа прайшла масавая зарадка. 

Абласны цэнтр развітаўся з фестывалем. Але роўна праз год усе дарогі зноў прывядуць артыстаў і гасцей у Віцебск на свята мастацтваў, якое не ведае межаў.