Пераможцаў паэтычнага конкурсу ўшаноўвалі ў Нацыянальнай бібліятэцы

19 сентября 2018

"Шчасце - жыць у мірнай краіне!" - пад такім слоганам прайшоў рэспубліканскі паэтычны конкурс. Форум па традыцыі праводзіць Беларускі фонд міру. Дарэчы, напярэдадні ў Нацыянальнай бібліятэцы ўшаноўвалі пераможцаў. Больш падрабязна Анастасія Бенедзісюк.

Амаль 500 старонак, і на кожнай гісторыя асобнай сям'і і залог поспеху няхай невялікай, але суверэннай краіны. Тут не зарыфмаваныя творы на вольную тэму, гэта канкрэтныя адказы на, здавалася б, зусім недзіцячыя пытанні - што такое мір і што такое шчасце.

З дзіцячага дома Аню і яе брата ўзялі 5 гадоў таму. Зараз у іх ёсць мама, тата і яшчэ браты з сёстрамі. Менавіта яны натхнілі дзяўчынку на паэтычнае афармленне думак. Так, ад мамы - шчасце ў дзецях, ад бабулі - у раніцы без выбуху снарадаў, ад таты - у працы з надзейным трактарам у полі.

Ганна Палюціна, удзельніца паэтычнага конкурсу "Шчасце - жыць у мірнай краіне!": "Што такое шчасце, у сябе спытала. І адказу доўга не шукала. Шчасце - гэта мама, тата і бабуля, спевы жаваронка, што ўсе людзі чуюць, каб у мірным небе не свісцелі кулі. Мы павінны помніць усе наказ бабулі: шчасцем гэтым даражыце, дзеці, каб не страціць мір у нашым свеце".

Максім любіць футбол і гульні ў вайну, а мама школьніка, мацней сціскаючы яго руку, не ўтойвае: яе шчасце, што пісталеты і танкі толькі дзеля забавы. Яны жывуць недалёка ад Брэсцкай крэпасці. Гераічнаму месцу і подзвігу землякоў прысвячаецца.

Максім Віднікевіч, удзельнік паэтычнага конкурсу "Шчасце - жыць у мірнай краіне!": "Облака из сладкой ваты заслоню рукой. Спи, малыш, под небом мирным, Бог с тобой. Пусть тебе приснится лето, лето без войны, чтоб смогли свободно птицы гнезда вить свои. Чтобы солнца луч касался окон всей земли, чтоб в домах огонь надежды люди обрели".

Конкурс "Шчасце - жыць у мірнай краіне!" традыцыйна праводзіць Беларускі фонд міру. Летась хлопчыкі і дзяўчынкі пісалі сачыненне, сёлета - вершы. Па выніках наступнага года абяцалі сапраўдны вернісаж - сваё бачанне міру прапануюць намаляваць з дапамогай фарбаў.

Максім Місько, старшыня праўлення Беларускага фонду міру, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Тысяча вершаў была напісана. Нам вельмі складана было адабраць лепшыя вершы. Сёння тут 158 дзетак, якіх мы будзем віншаваць і будзем узнагароджваць. Працэнтаў, напэўна, 70-80 напісана на беларускай мове".

Выбраць лепшага, калі такі апрыёры кожны, складана, але таленавітых заўважылі і адзначылі. Больш за тое, іх вершы са сцэны чыталі дарослыя. І абавязкова са спасылкай на аўтара.