Пісьменнік Барыс Крапак - летапісец выяўленчага мастацтва Беларусі

21 ноября 2023

Усе самыя важныя перыяды станаўлення і дзейнасці аднаго з самых грунтоўных творчых саюзаў краіны мастакоў зафіксаваны ў летапісе. Хронікі падзей і постаці самых яркіх творцаў занатаваў і адлюстроўвае ў сваіх кнігах і нарысах мастацтвазнавец, пісьменнік і публіцыст Барыс Крапак. Двойчы лаўрэат нацыянальных прэмій "За духоўнае адраджэнне", уладальнік медаля Францыска Скарыны. З выбітным дзеячам сустрэлася Наталля Бардзілоўская.

У звычайнай мінскай кватэры - галерэя, годная музеяў. Работы Шчамялёва, Кліменкі, Грамыкі, Масленікава - дзясяткі карцін-падарункаў Крапаку ад мастакоў, чые імёны ў хрэстаматыі выяўленчага мастацтва Беларусі. З многімі Барыс Аляксеевіч сябраваў.

Пасля заканчэння ў 60-я Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта Крапак вярнуўся ў Беларусь, у Мінск. Тут і пачалася чарада выдатных знаёмстваў: Бембель, Азгур, Глебаў - пасля сустрэч з мастакамі-франтавікамі Крапак пачаў канспектаваць ваенныя ўспаміны тытанаў беларускага арт. Найбольш блізкім па духу і творчым запале стаў для яго Шчамялёў. Шчамялёву Крапак прысвеціць 9 кніг!

У выдавецкую серыю "Жыццё выдатных людзей Беларусі" Барыс Аляксеевіч змесціць свае прысвячэнні Анікейчыку, Цвірку, Данцыгу, Кішчанку. Перыпетыі прыватнага лёсу і галоўныя творчыя падзеі выбітных мастакоў - апісаны "з натуры", бо праходзілі літаральна на вачах Крапака.

Па бібліятэцы пісьменніка можна чытаць гісторыі беларускага жывапісу, графікі і скульптуры. У тамах не толькі шчыраванне мэтрам. Крапак вярнуў паўзабытыя імёны айчыннага арт: Іосіф Аляшкевіч, Казімір Ельскі, Ілья Чашнік, Зыгмунт Мінейка - дзясяткі нарысаў пра малавядомыя, але самабытныя пазлы ў мазаіку беларускага мастацтва.

Даведаліся, якой кнігай Барыс Крапак ганарыцца асабліва. Том выйшаў да 60-годдзя Беларускага саюза мастакоў. У яго ўвайшлі больш за тысячу імёнаў і беларускіх творцаў, і мастацтвазнаўцаў. Біяграфічныя даведкі, фотаздымкі, ілюстрацыі работ. Менавіта за гэтае выданне Барыс Крапак быў удастоены высокай узнагароды - прэміі "За духоўнае адраджэнне".

Сам - эпоха - Барыс Крапак можа расказаць пра любы адрэзак часу беларускага арт "у імёнах і лічбах". Ён сабраў унікальную інфармацыю пра мастакоў - удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і тыя самыя 30-я, калі нараджаўся Саюз мастакоў - менавіта па "крупінках" фактаў, якія, нягледзячы на страчаныя праз часы дакументы, знаходзяцца ва ўспамінах і нататках Крапака.

"Захаваць" - вось задача, з якой па жыцці спраўляўся Крапак. Нядаўна ўбачыў свет яго новы зборнік-успамін пра Мая Данцыга. Цяпер на працоўным стале мастацтвазнаўца - новы рукапіс. Пра каго? Пакуль інтрыга.