Пейзажны жывапіс дынастыі Масленнікавых прадставілі ў Гістарычным музеі Беларусі

11 февраля 2019

Вобраз радзімы на палатне. Пейзажны жывапіс дынастыі Масленнікавых прадставілі ў Гістарычным музеі Беларусі. Выстава "Сямейны альбом" - гэта палотны трох пакаленняў мастакоў, якія прысвяцілі сваю творчасць тэме роднай зямлі. Адкрыццё вернісажа прымеркавалі да 105-годдзя з дня нараджэння заснавальніка дынастыі Паўла Васільевіча. Ён ствараў каларытныя беларускія краявіды, працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у Тэатры оперы і балета, афармляў спектаклі ў Купалаўскім. Яго справу працягнуў сын Уладзімір, сёння загадчык кафедры жывапісу Акадэміі мастацтваў, і ўнук Павел.

Павел Масленнікаў, унук Паўла Масленнікава, мастак, педагог БДАМ: "Усе гэтыя работы з сямейнага архіва. Тут вялікая частка прац, якія ні разу не выстаўляліся. Мы іх спецыяльна аформілі да гэтай выставы, каб людзі ўбачылі новага Масленнікава. І нашы працы - таксама палова новых прац".

Павел Сапацько, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: "Прозвішча Масленнікавых шырока вядома ў Беларусі, і, я думаю, што не толькі ў асяроддзі мастакоў. Таму мы бачым, што людзі падыходзяць да твораў, пранікаюцца тым патрыятызмам, той прыгажосцю, той любоўю да радзімы, якая, вядома ж, была ў душы ў Паўла Васільевіча, і дзякуючы якой ён пакінуў часцінку памяці. Але самае галоўнае - вось тая наймагутная спадчына, якой можа ганарыцца наша Беларусь".

У юбілейны год спадчыннікі дынастыі зробяць падарунак 75-й гімназіі імя Паўла Масленнікава ў Мінску. Яны перададуць адразу дзве арыгінальныя працы беларускага пейзажыста.