Новы сумесны праект тэлеканала Беларусь 3 і Нацыянальнай бібліятэкі

21 августа 2014

Хто ён - сучасны ўладальнік чытацкага білета, якія кнігі беларусы разгортваюць часцей за ўсё і як не заблудзіць у алгарытмах пошуку літаратуры. Інфармацыйная культура карыстальніка - хедлайнер сённяшняй дыскусіі за круглым сталом Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Спецыяльны госць - Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Сёння ён расказаў аб новым сумесным праекце тэлеканала Беларусь 3 і галоўнага кнігасховішча краіны.


Дэталі - у рэпартажы Паліны Іванчы.


Першыя Бібліі, якія выйшлі з-пад друкаванага станка Скарыны, кетабы татараў і калекцыя персідскіх рукапісаў 14 стагоддзя. На паліцах галоўнай бібліятэкі краіны сёння каля 9 мільёнаў экзэмпляраў. Сярод іх кніжныя шэдэўры, якіх, мабыць, ніколі не знайсці ў Інтэрнэце.


Алена Даўгаполава, першы намеснік дырэктара па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: Мы задавалі пытанне людзям, якія пражываюць на тэрыторыі ўсёй рэспублікі: Як вы жадаеце карыстацца паслугамі бібліятэкі? 90 працэнтаў нам адказалі: Хачу атрымліваць інфармацыю бясплатна, 24 гадзіны за суткі, не выходзячы з дому.


Аблічбаваць рэдкія кнігі, зразумелая справа, нерэальна, а вось вывесці іх на экраны тэлевізараў цалкам магчыма. Напрыклад, у эфіры Беларусь 3. Таямніцы, якія захоўваюцца на самых далёкіх кніжных паліцах, зусім хутка стануць відавочнымі ў сумесным праекце Белтэлерадыёкампаніі і галоўнага кнігасховішча краіны.


Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: Мы хочам стварыць такі праект сумесны з Нацыянальнай бібліятэкай, каб гэтыя таямніцы, не толькі літаратурныя, а яшчэ і гістарычныя, жыццёвыя, лёсы, якія тут захоўваюцца, яны зашыфраваныя проста ў літарах, адкрываліся перад нашымі тэлегледачамі.


Зрэшты, новы тэлевізійны праект не адзіная тэма сённяшніх дыскусій. Хедлайнер - інфармацыйная пісьменнасць чытача, нетрывіяльна - як не згубіцца ў шматмільённых запісах баз даных і банальна - як карыстацца камп'ютарам і радком пошуку ў Інтэрнэце.


Алена Тулупава, загадчыца аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: Любы ахвочы, не толькі чытач бібліятэкі, але і чалавек з боку, якога цікавіць гэта тэма, можа прыйсці на занятак, на якім мы не толькі даём агляд навуковых рэсурсаў, адкрытых у сетцы Інтэрнэт, але і вучым правільна задаць пытанне, адсарціаваць гэту інфармацыю, ацаніць яе актуальнасць і навуковасць.


А вось як не згубіцца, пераступіўшы парог бібліятэкі, з пункта погляду прасторавай і не толькі, вырашыць віртуальны даведнік. Да распрацоўкі спецыяльнай праграмы для любога электроннага ўстройства прыступяць ужо ў наступным годзе.


Даведнік можна будзе загрузіць у мабільны тэлефон з электроннага партала бібліятэкі, а таксама праз спецыяльныя QR-коды, якія з'явяцца на кожным паверсе будынка. Дадатак дапаможа не толькі не заблудзіцца ў шматлікіх залах, але і разабрацца з алгарытмамі пошуку, заказу і атрымання неабходных кніг.


Што ж датычыцца партрэта сучаснага чытача, то часцей за ўсё гэта жанчына або мужчына старэйшыя за 30 гадоў, якія займаюцца навукай або атрымліваюць адукацыю. І калі яшчэ 10 гадоў таму з кнігай сядзелі за сталом чытацкай залы, то зараз з больш чым 160-тысячнай аўдыторыі бібліятэкі амаль траціна карыстальнікаў старонкі гартаюць віртуальна.