Нацыянальны мастацкі музей рыхтуе да прэзентацыі духоўнае выданне 1600 года

7 августа 2017

Евангелле, якое выкарыстоўвалі на службах адразу некалькі пакаленняў беларусаў, - у руках у рэстаўратараў. Нацыянальны мастацкі музей рыхтуе да прэзентацыі духоўнае выданне 1600 года, выпушчанае ў друкарні братоў Мамонічаў - адным з галоўных цэнтраў кнігадрукавання нашых земляў. Менавіта там у свой час быў выдадзены Статут Вялікага княства Літоўскага. Рарытэт аднаўляе рэстаўратар, які ў свой час рэстаўрыраваў кнігі Скарыны з фондаў Нацбібліятэкі.

Алена Борматава - аб узнаўленні кніжнага помніка.

Самае ранняе выданне з калекцыі старадрукаў Нацмузея. Евангелле пачатку 17-га стагоддзя. Віленская друкарня Мамонічаў. Да рэстаўратараў трапіла літаральна ў паўразбураным стане. Аднаўлялі кожны аркуш асобна. Прамывалі, адбельвалі, ачышчалі ад свечачнага воску. Каштоўнасць выданню надаюць чатыры гравюры евангелістаў.

Амаль усе старадрукі ў фонды Нацмузея, а ў калекцыі іх каля двухсот, трапілі ў савецкі час з закрытых храмаў, падчас музейных экспедыцый. На многіх кнігах засталіся запісы, каму належаў экзэмпляр. Так, Евангелле апошні раз аднаўлялі падчас Вялікай Айчыннай, у 42-ім. Майстар стараверскай абшчыны на Віцебшчыне. Аклад значна большы за фармат самой кнігі.

У верасні Евангелле з рэстаўрацыйных майстэрань пераедзе ў залу старажытна-беларускага мастацтва. Менавіта тут адкрыецца выстава да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Будуць экспанавацца кніжныя помнікі з друкарань, якія размяшчаліся на тэрыторыі нашых зямель. Друкарня братоў Мамонічаў, дзе, дарэчы, быў выпушчаны і Статут Вялікага княства Літоўскага, - адна з самых знакамітых.

Паралельна з аднаўленнем друкаваных рарытэтаў, рэстаўратары вяртаюць экспазіцыйны выгляд дзясяткам прадметаў. Адзенне каталіцкага святара – арнат з фондаў музея – будуць аднаўляць па новых тэхналогіях. Спецыялісты ўстановы перыядычна праходзяць стажыроўкі ў еўрапейскіх цэнтрах і найноўшыя методыкі ўкараняюць пры рэстаўрацыі беларускай нацыянальнай спадчыны.

Рэчы, якія сёння трапляюць на стол да рэстаўратараў, а шмат з каштоўнасцяў увогуле ніколі не экспанаваліся, будуць прадстаўлены на выставе да 80-годдзя музея, у 2019-ым.