Міністры абароны з 80 краін сабраліся на канферэнцыі ў Маскве

27 апреля 2016

Сёння міністры абароны з 80 краін сабраліся ў Маскве - там праходзіць міжнародная канферэнцыя па бяспецы. Праблема тэрарызму і метады барацьбы з ім сталі асноўнай тэмай дыскусій кіраўнікоў ваенных ведамстваў, незалежных экспертаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый. Адказы на ключавыя пытанні глабальнай бяспекі шукала і наш маскоўскі карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Маскоўская канферэнцыя па бяспецы - міжнародны форум, які раз на год вясной збірае разам прадстаўнікоў ваенных ведамстваў, міжнародных арганізацый, няўрадавых экспертаў. Галоўная мэта - знайсці адказы на ключавыя пытанні бяспекі. Сёлета асноўная тэма канферэнцыі - барацьба з тэрарызмам.

У Маскву для ўдзелу ў форуме прыбылі міністры абароны больш за з 80 краін свету. Таксама ваенныя эксперты, прадстаўнікі ААН, АДКБ, СНД, АБСЕ, ЕС. Сёння тэрарызм - актуальная тэма для ўсяго чалавецтва, і змагацца з гэтай пагрозай трэба разам. У першую чаргу гэта датычыцца абмену інфармацыяй паміж краінамі. Сёння асаблівую небяспеку ўяўляе вербаванне памочнікаў тэрарызму праз сацыяльныя сеткі, а таксама вяртанне з зон баявых дзеянняў, радыкальна настроеных экстрэмістаў. Таксама трэба аб'яднаць свае дзеянні, каб блакіраваць каналы фінансавання тэрарызму.

Сяргей Шайгу, міністр абароны Расіі: "Тэрарызм стаў праблемай № 1 для ўсіх нас. Навочныя прыклады таму - гібель расійскага пасажырскага самалёта над Сінаем, апошнія тэрарыстычныя акты ў Еўропе, разгул тэрору на Блізкім Усходзе, дзе шэраг краін знаходзіцца на грані страты дзяржаўнасці, сітуацыя ў Афганістане, спробы баевікоў здабыць дадатковы плацдарм у дзяржавах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна і Цэнтральнай Азіі. Відавочна, што для сусветнай супольнасці надышоў час згуртавацца".

Беларусь на канферэнцыі прадстаўляе міністр абароны краіны Андрэй Раўкоў. З тэрарызмам наша дзяржава змагаецца не на полі бою, а заканадаўча. У красавіку гэтага года Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, які ўзмацняе жорсткасць адказнасці за экстрэмізм і ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншых краін. Так, калі грамадзянін Беларусі прымае ўдзел ва ўзброеным канфлікце іншай краіны, на радзіме яго чакае турэмнае зняволенне тэрмінам ад 2 да 5 гадоў. За вербаванне - да 10. Таксама Аляксандр Лукашэнка адобрыў новую ваенную дактрыну Беларусі.

Таксама на форуме гаварылі аб бяспецы ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, абмеркавалі праблему бежанцаў у Еўропе і асаблівую ўвагу спікеры надалі тэме процідзеяння "каляровых" рэвалюцый.