Народная майстэрня "Матрушка" сёлета адзначае дваццацігоддзе

13 октября 2021
Творчае аб'яднанне, дзе аднаўляюць старадаўнія беларускія традыцыі. Сёлета 20-годдзе адзначае народная майстэрня "Матрушка"  пры Доме культуры вёскі Камуна Любанскага раёна. Майстры рознага ўзросту асвоілі ткацтва на кроснах і пляценне паясоў. Калектыў актыўна ўдзельнічае ў фестывалях, кірмашах і конкурсах. 

Сёлета на нацыянальным конкурсе "Матчыны кросны" ў Старых Дарогах  - дыпломы першай і другой ступені, а кіраўнік аб'яднання  Ірына Яскевіч  удастоена Гран-пры. 

Завітала ў Любанскі раён пазнаёміцца з лепшай ткачыхай Беларусі Наталля Бардзілоўская. З боку паглядзець: дзяўчынкі гуляюць у лялькі. Але юныя жыхаркі Камуны  сваімі рукамі зрабілі гэты цацачны рад. Кожную фігурку апранулі ў самабытны беларускі строй. Яго не толькі пашылі сваімі рукамі, але спралі ніткі, а потым саткалі з іх палатно. Перад намі ўдзельніцы мясцовага гуртка "Вірок". Яны, між іншым, не толькі адзенне для лялек могуць зрабіць, але і абрусы, сурвэткі, ручнікі - шмат рэчаў для хатняга побыту. І дзяўчаты прыбраныя ў этнакасцюмы, якія таксама зрабілі самі.

"Вірок" - у складзе гуртка старэйшых умеліц народнай майстэрні "Матрушка". Гэтае аб'яднанне жанчын, захопленых старажытнымі традыцыямі ткацтва, узнікла 20 гадоў таму. Да сённяшняга, юбілейнага дня прыхільніцы бабуліных традыцый могуць пахваліцца багатым куфарам, дзе сабраны лепшыя ўзоры іх працы. А таксама  шматлікімі ўзнагародамі і адзнакамі раённых, абласных і рэспубліканскіх фэстаў і конкурсаў.

Тэхнічную падтрымку творчым памкненням "Матрушкі" забяспечвае Васіль Яскевіч. Ён  усталёўвае кросны, рамантуе іх, аднаўляе ніты, а яшчэ Васіль Дзмітрыевіч вядзе школу пляцення лапцей. 

Рамесныя "ўніверсітэты" мясцовыя юнакі  праходзяць ад а да я - вучацца нарыхтоўваць лыка, роўна як і спасцігаюць азбуку старадаўніх народных прыкмет, звязаных з лапцямі.

Абутак ад "Лапаточкаў" не толькі сувенірны. Ёсць людзі, якія спецыяльна едуць у Камуну, каб набыць вырабы для рыбалкі, паходаў у лес, лазню. Камунараўскія мужчыны ўмеюць розныя лапці плесці. Але іх канёк, вядома, мясцовы палескі брэнд.

У Любанскім раёне плятуць лапці пад назвай «відушчыя». Іх рэгіянальная асаблівасць у тым, што гэта максімальна адкрыты абутак,  каб прасцей было вытрасці пясок, або якія б хутчэй сохлі, калі намокнуць.

Дом культуры ў Камуне можна смела назваць згуртаванай сям'ёй, касцяк якой - сапраўдная шлюбная пара Васіль ды Ірына. Менавіта муж і жонка Яскевіч 20 гадоў таму сталі ініцыятарамі аднаўлення ў мясцовасці народных промыслаў. Іх справу падхапілі аднавяскоўцы, у тым ліку моладзь. Так спраўдзілася галоўная задумка энтузіястаў - перадаць векавую творчасць маладому пакаленню.