На аднаўленне радавой сядзібы Рейтаново ў Брэсцкай вобласці прыцягнуць замежныя інвестыцыі

12 февраля 2018

У памеры мільён еўра. Зараз ідзе актыўная праца па выкананню ўсіх працэдур - для атрымання гранта Еўрасаюза. Прычым - гэта трансмежавы праект Беларусі і Польшчы.

Алена Борматава аб аднаўленні на мільён.

Мільён еўра для Грушаўкі. Пакуль толькі на паперы. Маёнтак палітычнага і грамадскага дзеяча Тадэвуша Рэйтана, які выступаў супраць падзелу Рэчы Паспалітай, бадай, адзіная архітэктурна-турыстычная славутасць Ляхавіцкага раёна. Да пачатку нулявых у былых рэйтанаўскіх пакоях размяшчаліся камунальныя кватэры. У свой жа час тут не раз гасцяваў Напалеон Орда. Вырашаліся справы дзяржаўнай значнасці. Рэйтаны займалі досыць высокую пасаду ў прыдворнай свіце магнацкага роду Радзівілаў. Сам Тадэвуш сябраваў са знакамітым Пане Каханку – Каралем Станіславам.

Плануецца, што грант будзе паступаць у трох роўных долях. Праект-канцэпцыя падрыхтаваны. Апроч мясцовых улад, да працы далучыліся гісторыкі, мастацтвазнаўцы, археолагі і культуролагі. А пакуль у мэтах бяспекі і захавання старажытнай сядзібы ўсе аконныя і дзвярныя праёмы забітыя. Унутр трапіць немагчыма.

Грушаўка – у нацыянальным спісе гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Прычым пад аховай дзяржавы знаходзіцца не толькі галоўны сядзібны палац, а ўвесь маёнтак цалкам. Гэта восем будынкаў рознага прызначэння. Усе аднаўленча-рамонтныя работы магчымы толькі з дазволу Міністэрства культуры нашай краіны. Пакуль добраўпарадкаванне закранула выключна тэрыторыю сядзібнага комплексу. А гэта ні многа ні мала 20 гектараў зямлі.

У выпадку атрымання гранта сродкі будуць накіраваны выключна на аднаўленне галоўнага сядзібнага палаца. Плануецца яго частковая рэстаўрацыя. За аснову ўзяты канец ХІХ - пачатак ХХ стагоддзя, калі дом з каменнага быў перабудаваны ў драўляны. Адновяць сутарэнныя памяшканні і фасад. Вернуць страчаны дэкор.

Унутры будынка захаваліся роспісы. У кожным пакоі – свой сюжэт. Жывапісныя фрагменты дазволяць аднавіць малюнак цалкам. Зараз праекціроўшчыкі шукаюць нестандартныя рашэнні, каб выканаць рамонт перакрыццяў гарышча і пры гэтым канчаткова не страціць рэшткі насценных і столевых малюнкаў. Ды і дах таксама будуць рэстаўраваць, бо апорныя канструкцыі ў аварыйным стане.

Дату пачатку аднаўленчых работ на Грушаўцы назваць немагчыма. Гэта будзе толькі пасля атрымання гранта. Колькі Еўрасаюз будзе разглядаць заяўку, таксама невядома. Затым праз тэндар вызначацца з забудоўшчыкам. Усе рамонтныя работы будуць выконвацца з археалагічным суправаджэннем і пад наглядам навуковага кіраўніка. Зараз на фізіка-хімічны аналіз узятыя пробы будаўнічых матэрыялаў векавой даўнасці, каб пры аднаўленні палаца выкарыстоўваць аналагічныя матэрыялы.