Магілёў. Ацяпленне

8 октября 2016

У краіне стартаваў абагравальны сезон. Спачатку цяпло прыйшло ў дзіцячыя сады, школы, бальніцы і іншыя сацыяльныя аб'екты. Потым цяпло паступова прыйдзе і ў жылыя дамы. У Магілёве да абагравальнага сезона гатовыя. Адпаведныя пашпарты атрымалі ўсе цеплакрыніцы і цеплатрасы горада, паведамілі ў цеплавых сетках абласнога цэнтра. Як раз да сезона завершаны першы этап рэканструкцыі ЦЭЦ-1. Цяпер ідуць пусканаладачныя работы. Што дасць гораду рэмэйк цеплаэлектрацэнтраляў - цікавіўся Павел Савіцкі.

Падрыхтоўку да новага абагравальнага сезона камунальнікі традыцыйна пачынаюць з вясны, як толькі ў кватэрах перастаюць грэць батарэі. Адным з найбольш буйных праектаў для абласнога цэнтра ў гэтым кірунку стала рэканструкцыя першай цеплаэлектрацэнтралі Магілёва.

У старым будынку ЦЭЦ ужо дэманціравалі першы і другі катлы. На іх месцы ўсталявалі дапаможнае абсталяванне і газавую турбіну.

Паводле слоў спецыялістаў, рэканструкцыя ЦЭЦ дазволіць павялічыць магутнасці Магілёўэнерга і знізіць выкіды шкодных рэчываў у атмасферу. На ЦЭЦ ужо паспрабавалі халодны пуск. Кіраванне сістэмай будзе весціся з галоўнага корпуса - праз камп’ютар.

Некалі ЦЭЦ-1 забяспечвала энергіяй Рабочы пасёлак, вуліцу Мянжынскага і цэнтральную частку Магілёва. Цяпер яе магутнасцяў хопіць яшчэ і на мікрараёны Мір-2, Спадарожнік, Казіміраўка. Зімой будзе цёпла, запэўніваюць спецыялісты.

Другім этапам праекта рэканструкцыі ЦЭЦ-1 стане замена паравых турбін № 3 і 4. Што датычыцца цепласетак, то да абагравальнага сезона ўжо адноўлена больш за чатыры кіламетры старой цеплавой трасы.

З 5 кастрычніка ў Магілёўскай вобласці паступова пачалі ўключаць ацяпленне. Традыцыйна ў першую чаргу гарачымі сталі батарэі ў бальніцах, дзіцячых садках і школах. Потым ацяпленне пададуць у жылы фонд і на прадпрыемствы. А своеасаблівы рэкорд Магілёва, калі абагравальны сезон пачаўся 30 верасня, усё ж такі застанецца непабітым і зараз. А два гады таму – у гэты дзень нават выпаў снег.