На месцы помніка археалогіі Каменюкі-3 на тэрыторыі парку "Белавежская пушча" выявілі сотні артэфактаў

1 августа 2019

Сотні артэфактаў выявілі на месцы помніка археалогіі Каменюкі-3 на тэрыторыі   парку "Белавежская пушча". Першыя людзі тут пасяліліся яшчэ 10  тысячагоддзяў назад. Да канца года ў гэтым месцы з'явіцца старажытна-германскі падворак і сельскае паселішча эпохі ранняга Сярэднявечча - пабудовы новага музея. Які, дарэчы, быў адкрыты  месяц назад. Убачыць, як было ўладкована гарадзішча,  ужо змаглі жыхары некалькіх краін - рэгіён уваходзіць у бязвізавую зону. Дарэчы, музей чакае наплыў гасцей і  напярэдадні тысячагоддзя Брэста. Аб тым, што захоўвала старажытная зямля,   у рэпартажы Алены Борматавай

Помнік археалогіі  Камянюкі-3  на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Месца, якое некалькі стагоддзяў прываблівае навукоўцаў. Тут жылі людзі, пачынаючы з мезаліту - сярэдняга каменнага веку. Засялялі зямлю і розныя плямёны Сярэдневякоўя. У гэтым і складанасць навуковых даследаванняў. 

Вадзім Лакіза, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі: "Паглядзіце, якія цікавыя артэфакты былі знойдзены падчас даследаванняў. Крамянёвы нож, крамянёвая сякерка ці цясло. Паглядзіце, як адмыслова адбівалася. І гэтым усім артэфактам, калі вось так трымаць у руках,  каля 5 тысяч гадоў. А вось, напрыклад, гэты фрагмент, ён увогуле ўнікальны. Таксама, ён пашкоджаны. Гэта толькі частка, ён быў большы. Гэта серп".

І без дэталёвага вывучэння знойдзеных артэфактаў, можна казаць, што нават пяць тысяч гадоў таму нашы продкі займаліся сельскай гаспадаркай. На плошчы кожнага з археалагічных раскопаў рабілі шурф. Магутнасць культурнага пласта - ад 40  да 50  сантыметраў і ён утрымлівае рэчы розных эпох. 

Раскопкі носяць фундаментальна-ахоўны характар. Тэрыторыю даследуюць метадам класічнай археалогіі - ад шурфоўкі да раскопаў. Культурны пласт вывучаюць выключна на месцы будучых музейных аб'ектаў.

Дзесяць пабудоў - дзесяць археалагічных раскопаў. Квадратура будучых жылых і гаспадарчых будынкаў розных эпох супадае з памерамі ўчастка, які даследуюць навукоўцы. Ім дапамагаюць студэнты і валанцёры. Палявы сезон у археолагаў - абмежаваны. Тым больш, што хутка тут пачнуць узводзіць музейныя аб'екты. Турысты на свае вочы, а не на выяве ў падручніку па гісторыі, змогуць убачыць як выглядалі дамы, напрыклад старажытна-германскае паселішча. 

Руслан Кніга, навуковы супрацоўнік нацыянальнага парка "Белавежская пушча": "Шэраг аб'ектаў, якія адносяцца да славян,  - гэта будынкі лукарэкавецкай культуры - дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў. Самае галоўнае, што не толькі жылыя і гаспадарчыя пабудовы будуць адноўлены згодна з археалагічнымі дадзенымі".

Навукоўцы аднаўляюць быт людзей, якія тут жылі ў розныя эпохі - ад каменнага веку да Сярэднявекоўя. Ужо можна ўбачыць структуру горада эпохі позняга бронзавага - ранняга жалезнага веку. Жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы і сістэма ўмацаванняў. Гэта першая чарга музейнага комплексу пад адкрытым небам. Другую плануюць завяршыць да канца года. Скансен у Белавежскай пушчы зойме 18 гектараў.