на сцэне віцебскага амфітэатра выступяць дзеці з дваццаці краін свету

24 июня 2014
Сёлета на дзіцячым конкурсе выканаўцаў ў Віцебску нашу краіну прадставяць мінчанкі Мілана Рэдчанка і Зінаіда Купрыяновіч. Дарэчы, у гэтым годзе на сцэне віцебскага амфітэатра выступяць дзеці з дваццаці краін свету.

Наш карэспандэнт Наталля Кезікпабывала на апошніх рэпетыцыях і даведалася, якімі будуць сцэнічныя касцюмы беларускіх канкурсантак.

Перад самым конкурсам Мілана Рэдчанка ўзяла перапынак і на час адмяніла ўсе рэпетыцыі. На днях дзяўчынка вярнулася з адпачынку на Браслаўскіх азёрах. Цяпер у музычны бой з новымі сіламі. Вялікай сцэны дзяўчынка не баіцца - не раз станавілася лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Да конкурсу неабходна падрыхтаваць не толькі вакальныя нумары, а яшчэ харэаграфію і канцэртныя касцюмы.

Другая канкурсантка - 11-гадовая Зіна Купрыяновіч - падрабязнасці сваіх нумароў не раскрывае. Дзяўчынцы ўсё трэба паспець: і песню падрыхтаваць, і нумар адрэпеціраваць, і сукенкі пашыць.

Зіна Купрыяновіч пакарыць сцэну Славянскага базара спрабавала і летась, але не прайшла рэспубліканскі адборачны тур. Тады дзяўчынка адначасова рыхтавалася да дзіцячай Новай хвалі ў Юрмале. Сёлета артыстка настроена яшчэ больш сур'ёзна - рэпетыцыі праходзяць у рэжыме нон-стоп.

На Славянскі базар і Зіна і Мілана прыедуць не з пустымі рукамі. Для канкурсантаў з іншых краін дзяўчынкі рыхтуюць беларускія сувеніры. Перад фіналам абедзве канкурсанткі прайшлі сур'ёзны адбор тут, у Беларусі - з сотні дзяцей у фінале выбралі дзвюх прадстаўніц. Наша краіна на правах гаспадыні Славянскага базару традыцыйна прадстаўляе на дзіцячым конкурсе двух выканаўцаў.

Разам з Зінай і Міланай на сцэну амфітэтара ў Віцебску выйдуць юныя выканаўцы з дзевятнаццаці краін свету. Згодна з умовамі, дзіцячы конкурс будзе праходзіць два дні.

Зараз у Зіны і Міланы час інтэнсіўных рэпетыцый. За два тыдні дзяўчынкам трэба будзе адрэпеціраваць кожны рух на сцэне і кожную нотку сваіх кампазіцый.