На пляцоўцы Белдзяржфілармоніі стартуе форум Шлягеры на ўсе часы

24 марта 2014

Свята папулярнай музыкі мінулых гадоў на чатыры дні паселіцца ў Мінску - сёння на пляцоўцы Белдзяржфілармоніі стартуе традыцыйны форум Шлягеры на ўсе часы. За сем гадоў свайго існавання фестываль агучыў каля трыццаці арыгінальных праграм, прысвечаных аўтарам і выканаўцам савецкай эпохі. Музыка кіно, песні вайны, вечары-прысвячэнні Людміле Гурчанцы, Ганне Герман, Эдуарду Хілю.


Што прагучыць у новым фестывалі, раскажа Наталля Бардзілоўская.


На працягу чатырох дзён - з 24 па 27 сакавіка - Вялікая зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі будзе напоўненая ўсімі любімай і ўсім знаёмай музыкай - песні мінулых гадоў, рэтра-шлягеры выканаюць артысты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраваннем Міхаіла Фінберга.


Фестываль Шлягеры на ўсе часы сёмы раз пройдзе ў Мінску. Па традыцыі прапануе тэматычныя праграмы, прысвечаныя творчасці вядомых яшчэ з часоў Савецкага Саюза аўтараў: кампазітараў, паэтаў і культавых савецкіх спевакоў.


Шлягерны форум адкрыецца мелодыямі любімых кінакамедый. Сённяшні вечар - прысвячэнне творчасці расійскага кампазітара, аўтара музыкі больш чым да 300 фільмаў Аляксандра Зацэпіна. Хіты са стужак 12 крэслаў, Іван Васілевіч мяняе прафесію, Каўказская палонная і іншыя прагучаць у новых, аўтарскіх аранжыроўках канцэртнага аркестра.


З іменем Райманда Паўлса Нацыянальны канцэртны аркестр і асабіста Міхаіла Фінберга звязвае шматгадовае творчае сяброўства. Выступленні ў Маскве, Рызе, на фестывалі Славянскі базар. На фестывалі шлягераў у Мінску - самыя растыражаваныя хіты Паўлса.


Усяго за сем гадоў шлягернага форуму музыканты аркестра выканалі каля трыццаці арыгінальных праграм.