Мы ў фінале Еўрабачання

9 мая 2014

Напярэдадні Тэа і каманда зрабілі тое, што нам удавалася толькі тры разы. Зрэшты, расслабляцца не час. Ужо заўтра ў Даніі адбудзецца фінал. Сёння прайшлі адразу дзве генеральныя рэпетыцыі. Якім будзе адкрыццё 59-га конкурсу песні і як рыхтуецца Тэа? Усе падрабязнасці ў Яўгена Перліна.


Нават на першай рэпетыцыі шмат журналістаў.


Адкрые фінал цырымонія флагаў. Артысты на пачатку шоу выйдуць на сцэну ў тым парадку, як яны будуць выступаць заўтра. І там жа з'явяцца флагі 26-ці краін-фіналістаў. Іх вынесуць спартсмены-экстрэмалы, якія пакажуць захапляльныя трукі. Тэа з'явіцца пад другім нумарам.


У грымёрках сёння толькі і гавораць пра другі паўфінал. Ён атрымаўся драматычным не толькі для беларусаў.


Май - час перамагаць. І беларуская дэлегацыя далучаецца да святкаванняў Дня Перамогі. З Капенгагена Тэа перадае словы віншавання і падзякі ветэранам.


Выступленне Тэа стала сапраўдным падарункам Беларусі да 9 Мая. Выхад нашага артыста ў фінал даказаў, што нават пры невялікіх грашовых выдатках можна годна прадставіць нашу краіну на сусветным узроўні.


У 22:00 па Мінску пачнецца рэзервовая трансляцыя фіналу Еўрабачання. Яе ўключаюць, калі адбываецца збой з сігналам падчас прамога эфіру. Але ў Беларусі такога за апошнія гады не было. Таксама сёння вечарам свае галасы аддадуць члены журы ўсіх 37-мі краін-удзельніц.